Агляд прэсы: неасцярожныя крокі



Як украінская залежнасць ад беларускага паліва праявілася ў святле дэбатаў аб санкцыях у Беларусі. СМІ свету паведамляюць аб тым, што Пуцін плануе вялікую вайну супраць Украіны. Як Баку робіць іслам палітычным інструментам. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Амерыканскае выданне Jamestown адзначае: «Паколькі Расея, па ўсёй бачнасці, абвастрае вайну на ўсходзе Украіны, дыскусія на Захадзе наконт магчымых санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі працягваецца. Адным з магчымых дзеянняў можа быць увядзенне эмбарга на экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у Еўропу. Пры гэтым на долю Украіны прыпадае прыблізна адна трэць аб’ёмаў экспарту беларускага паліва, а таму малаверагодна, каб Кіеў падтрымаў такую  прапанову аб санкцыях».

Як піша выданне, украінскі сектар нафтаперапрацоўчых заводаў фактычна разваліўся за апошнія некалькі гадоў, і ў выніку краіна моцна залежыць ад імпарту паліва, у тым ліку з Беларусі. Адзіным буйным украінскім заводам па перапрацоўцы сырой нафты, які працуе, з’яўляецца Крэменчугскі НПЗ, які кантралюецца Ігарам Каламойскім, які абвінавачваецца ў карупцыйных скандалах.

«Пытанне магчымых санкцый супраць Беларусі варта аналізаваць у кантэксце звязаных з гэтым рызык для мабільнасці Украінскіх узброеных сіл. У цяперашні час украінскія вайскоўцы забяспечваюцца палівам (дызелем, бензінам, рэактыўным палівам) праз сістэму дзяржаўных электронных закупак ProZorro. Большасць пастаўшчыкоў гэтай сістэмы разлічвае на вытворчасць беларускіх НПЗ. У выніку нават часовыя збоі паставак могуць быць праблематычнымі, напрыклад, у выпадку хуткай эскалацыі вайны на Данбасе або калі Расея адначасова спыніць усе пастаўкі ва Украіну», – падкрэслівае  Jamestown.

Нямецкае выданне Herzinger фіксуе ўзнікненне прыкметаў таго, што надыходзіць новы буйны ваенны напад Расеі на Украіну. Падставай для гэтай агрэсіі можа служыць «прапагандысцкая крамлёўская хлусня» пра тое, што ўкраінскі ўрад рыхтуе наступ на незаконныя Данецкую і Луганскую «народныя рэспублікі».

«Нездарма ў апошнія гады Масква наўмысна выдавала расейскія пашпарты жыхарам акупаваных тэрыторый, скарысталася іх бядой і ператварыла сотні тысяч украінцаў у грамадзян Расеі. Цяпер Крэмль можа выкарыстаць той факт, што ён нібыта павінен абараняць жыццё «сваіх» суайчыннікаў, як псеўда-юрыдычнае абгрунтаванне свайго адкрытага ўварвання», – сцвярджае нямецкае выданне.

На думку  Herzinger застаецца толькі пытанне, наколькі расейскія захопнікі маюць намер прасунуцца – ці іх цікавіць анэксія ўсяго Данбаса, ці яны пройдуць на паўднёвы ўсход краіны, каб адрэзаць Украіну ад яе чарнаморскіх партоў і ўсталяваць сухапутную сувязь паміж анэксаваным Крымам і акупаванымі раёнамі.

Выданне падкрэслівае, што санкцый ЕЗ у дадзеным выпадку недастаткова: «Палітычная кіруючая эліта дэмакратычнай Еўропы не выконвае гістарычную задачу – абараніць ліберальны еўрапейскі парадак ад разбурэння агрэсіўным расейскім аўтарытарызмам. Санкцый відавочна недастаткова. Рэжым Пуціна не спыніцца, пакуль не возьме пад кантроль усю Еўропу».

«Пасля перамогі ў Нагорным Карабаху прэзідэнт Азербайджана Аліеў стаў усё часцей звяртацца да рэлігійнай рыторыцы», – піша французская газета Le Monde.

«Тое, што Аліеў дзякуе Алаху «за вызваленне земляў ад акупантаў», стварае наратыў пра вайну ў Нагорным Карабаху як агульную «цывілізацыйную вайну» між ісламам і хрысціянствам, дзе ўвасабленнем апошняга з’яўляецца пераможаная Арменія», – гаворыцца ў артыкуле.

Le Monde канстатуе, што шмат хто ў Азербайджане здрыгануўся, пачуўшы новую ісламскую рыторыку Ільхама Аліева. Да гэтага часу рэжым ганарыўся сваёй мадэллю мультыкультуралізму і мірнага суіснавання мусульман, хрысціян і габрэяў. Выданне выказвае гіпотэзу, што ўлады Азербайджана скарысталіся магчымасцю, прадстаўленай вайной, каб паскорыць прыручэнне ісламу.

«Ісламісцкі і асабліва шыіцкі актывізм заўсёды знаходзіўся ў апазіцыі да свецкага аўтарытарнага азербайджанскага рэжыму, які па прыродзе сваёй не трывае незалежнай дзейнасці і імкнецца кантраляваць і накіроўваць любыя публічныя дыскусіі ў краіне. Вайна прадставіла ўладзе магчымасць скарыстацца рэлігійным дыскурсам ісламістаў ва ўласных мэтах».

Le Monde дапускае, што ўлады вырашылі выключыць з мячэцяў прапаведнікаў, якія прайшлі падрыхтоўку за межамі краіны, таму што яны могуць быць носьбітамі палітычнага ісламу і замежнага ўплыву. Паступова ўкараняецца сістэма, якая нагадвае рэжым канкардату ў Францыі 1801 года. Зараз зацверджаным мулам і імамам выплачваецца заработная плата ў памеры каля 250 еўра. Фактычна яны атрымліваюць узнагароджанне з Фонду прапаганды духоўных каштоўнасцяў, адмыслова створанага для таго, каб абысці Канстытуцыю Азербайджана, якая прадугледжвае падзел рэлігіі і дзяржавы.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка