“Азерца, поўнае слёз” Дануты Бічэль
Кожная кніга знойдзе свайго чытача. Новая кніга Дануты Бічэль “Азерца, поўнае слёз” – кніга не для шырокай аўдыторыі. Гэта камерны твор, твор пра сваё, роднае – кніга для сям’і, радзіны, аднавяскоўцаў. Пра іх і для іх. Шмат дробязей, падрабязнасцей, успамінаў і старых фота. І вершы. Паэт нават у прозе не можа адысці ад паэзіі.
Каб у стозе духмяным выспацца, я паеду ў мурожныя Біскупцы пад страху дзяруг, дываноў, на прастору жытнёвых палёў…
І, ведаючы Дануту Янаўну, разумееш, што з 1957 года – даты напісання верша – нічога не змянілася: любові да роднай вёскі, да вёскі дзяцінства ні на каліва меней не стала. Бадай, шчаслівае дзяцінства з намі назаўжды і тая любоў, у дзяцінстве атрыманая, трымае нас праз усё жыццё і праз усе нягоды жыццёвыя!
Беларусаў добра раскідала па свеце, і кніга “Азерца, поўнае слёз” з’явілася ў многім дзякуючы просьбе Генадзя Жыбера, пляменніка Дануты Бічэль, які апынуўся на далёкай поўначы, у пасёлку Пангоды. Спадар Генадзь прапанаваў напісаць пра жыццё простай сялянкі Мані Кіслай, а атрымалася кніга пра ўсю радзіну – у вершах, прозе і фота.
Беларусь багатая талентамі і гісторыямі. У многіх вёсках жывуць людзі, пра якіх варта распавесці. Падчас гэта можа быць цікава свету, але часцей тэксты пра сваіх варта пісаць для сваіх. І гэта не робіць іх менш важнымі. На жаль, не кожная вёска мае такога закаханага летапісца, як Біскупцы і ваколіцы іх… Яны маюць Дануту Бічэль.