У Літве вырашылі не мяняць афіцыйную назву Беларусі



Часовая палітычная моўная падкамісія пры Дзяржаўнай камісіі па літоўскай мове прыняла рашэнне не мяняць афіцыйную назву Беларусі, паведамляе партал Delfi.

На мінулым тыдні падкамісія разгледзела прапанову беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай замацаваць Belarusia ў якасці афіцыйнай назвы Беларусі ў літоўскай мове. Цяпер у Літве суседнюю краіну афіцыйна называюць Baltarusija, таксама ўжываецца неафіцыйнае, але шырока распаўсюджанае найменне Gudija.

Падкамісія вырашыла не мяняць цяперашнюю назву, паколькі яна „ўтвораная ад назвы нацыянальнасці baltarusiai па правілах літоўскай мовы”, у адрозненне ад варыянта, прапанаванага Ціханоўскай.

Таксама было выказана меркаванне, што ў выпадку неабходнасці можна надаць афіцыйны статус найменню Gudija.

Пытанне аб змене назвы Беларусі на літоўскай мове сярод іншага абмяркоўвалася 8 студзеня на сустрэчы міністра замежных спраў Габрыэлюса Ландсбергіса і віцэ-міністра Мантаса Адаменаса са Святланай Ціханоўскай.

12 студзеня прэс-служба МЗС Літвы паведаміла, што Ландсбергіс атрымаў ліст Ціханоўскай, у якім яна заклікала змяніць афіцыйную назву Беларусі на форму, „больш блізкую беларускай мове”. „У лісце Святлана Ціханоўская сцвярджае, што, удакладніўшы назву суседняй краіны, Літва выкажа павагу да яе суверэнітэту і падтрымае моўную і культурную самабытнасць беларускага народа”, — гаварылася ў паведамленні.

„Беларусь азначае „Белая Русь”, а не Расія. Міністэрства замежных спраў Літвы звернецца ў Дзяржаўную камісію па літоўскай мове з просьбай разгледзець прапанову і ініцыяваць працэдуру ўдакладнення назвы”, — адрэагаваў на ліст кіраўнік літоўскай дыпламатыі.

Раней у інтэрв’ю балтыйскаму інфармагенцтву BNS ён заявіў, што Літва гатовая разгледзець пытанне аб змене назвы Беларусі ў літоўскай мове, калі беларусы пра гэта папросяць.

„Імя, якім мы называем нашу суседнюю краіну, не павінна замацоўваць разумення Беларусі як часткі Расіі, якое ўстаялася ў гады акупацыі, — сказаў кіраўнік літоўскай дыпламатыі. — Беларусь азначае „Белая Русь”, а не Расія, і гэта павінна быць адлюстравана ў назве, якую мы выкарыстоўваем. Калі беларусы выкажуць такое пажаданне, то мы абавязкова разгледзім гэтае пытанне, гэтак жа як мы ўжо змянілі назву Грузіі на Сакартвела”.

9 лютага BNS са спасылкай на старшыню Дзяржкамісіі па літоўскай мове Аўдрыса Антанайціса паведаміла, што камісія перадала ў МЗС Літвы для далейшага абмеркавання тры варыянты афіцыйнай назвы Беларусі — Gudija, Baltarusia і Baltoji Rusia.

belapan.by