Маргарыта Ляўчук: Наша агульная задача – перамога і праца ў Беларусі



Што сталася з культурай у Беларусі пасля жнівеньскіх падзей? Якія першыя вынікі працы НАУ у культурніцкай сферы? Ці можа музыка адмовіцца выступаць на мерапрыемстве, дзе прысутнічае Лукашэнка? «Прэзідэнт Беларусі – гэта…?»

Гэтыя ды іншыя пытанні мы задалі сённяшняй «Госці Рацыі» адказнай НАУ за пытанні культуры і нацыянальнай спадчыны, опернай спявачцы Маргарыце Ляўчук.

РР: Падчас працы ў НАУ вы пазнаёміліся з жыццём людзей у Літве і Польшчы. Чым, на ваш погляд, яно адрозніваецца ад Беларусі?

Маргарыта Ляўчук: Наконт культуры я магу сказаць, што тут, у Літве, як і ў Польшчы, ёй вельмі-вельмі шмат увагі надаецца. І, канешне ж, шмат грошай на гэта ідзе. Падтрымка дзяржавы вялікая. У Польшчы культура на высокім роўні і ўжо даўно, і таму нашыя музыкі едуць туды і ў Літву, каб выступіць ці запісаць альбом. Хацелася б, канешне, каб і ў нас такое было.

РР: Мы з вамі апошнім разам бачыліся ў Беластоку ў Тэатры лялек, дзе адбываўся святочны канцэрт да Дня Волі. Як вам Беласток і ці ўсё атрымалася падчас канцэрту?

Маргарыта Ляўчук: Мне вельмі падабаецца Беласток. Гэта спакойны горад, людзі ў ім вельмі добрыя. Таму я адчувала сябе як дома, таму што я толькі з беларусамі размаўляла і ўвогуле была разам з імі тры дні. Таму такое ўражанне, быццам ты дома. Што тычыцца канцэрту, то з майго боку ўсё добра атрымалася, але былі нейкія непаладкі з інтэрнэтам, таму было дзве спасылкі. Але пасля ўсё было добра. І ўсе музыкі: і NaviBand, і Val усе задаволены і радыя, што ў гэты святочны Дзень Волі былі разам у Беластоку і спявалі па-беларуску. Мы вельмі шчаслівыя!

РР: Нашае „Беларускае Радыё Рацыя” таксама вяло трансляцыю са святочнага канцэрту, і мы ў офісе нечакана мелі праблемы з інтэрнэтам. Ці даходзіла да вас інфармацыя пра магчымыя прычыны гэтага? Ці мела месца хакерская атака?

Маргарыта Ляўчук: Я не чула нічога такога, але можа быць. Таму што ўсе яны рыхтаваліся да гэтага дня. І, канешне ж, яны ведалі пра наш канцэрт, таму можа гэта і хакеры.

РР: У Народным антыкрызісным упраўленні вы адказваеце за пытанні культуры і нацыянальнай спадчыны. Што ўжо атрымалася зрабіць у гэтым кірунку?

Маргарыта Ляўчук: Па-першае, культурны блок НАУ вельмі шчыльна супрацоўнічае з Беларускім фондам культурнай салідарнасці па пытаннях дапамогі людзям культуры, якія пацярпелі ад дзяржавы. Мы таксама разам занятыя распрацоўкай рэформаў у культурнай сферы. За гэта адказвае Мікалай Халезін. У яго ёсць пэўны досвед у гэтай галіне, а я далучаюся да гэтага болей як эксперт. І, канешне, мая артыстычная дзейнасць – гэта таксама праца ў межах міжнароднай салідарнасці і ART- пратэсту. Мы робім шмат рэчаў дзеля захавання беларускай культуры і выхавання талентаў для новай Беларусі. Хутка пераможам і будзем працаваць у Беларусі.

РР: Ці сустракаецеся вы са Святланай Ціханоўскай і яе штабам у Вільні?

Маргарыта Ляўчук: Калі ты знаходзішся ў Вільні і ты рэвалюцыянер, то канешне, ты сябруеш і працуеш з усімі астатнімі змагарамі-рэвалюцыянерамі. Мы робім адну справу, таму мы ўсе разам і працуем для нашай краіны.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Гутарыла Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя