Пра кіраўнікоў-доўгажыхароў
Столькі не жывуць, колькі хоча балатавацца кіраўнік суседняй краіны. Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін падпісаў закон, які дазваляе яму балатавацца яшчэ два разы ў прэзідэнты. То бок у 2024 і ў 2030 годзе. Між іншым, у 2030 годзе Уладзіміру Уладзіміравічу будзе 78 год!
Для параўнання Леанід Брэжнеў, з якога за савецкімі часамі ўсе жартавалі праз ягоны ўзрост, памёр у 76 год. Ён быў генеральным сакратаром ЦК КПСС 20 год. Юры Андропаў замяніў на пасадзе Брэжнева ў 68 год. Але праз два гады кіраўніцтва памёр. Яго ва ўзросце 73 год замяніў Канстанцін Чарненка, але прабыў ён генсекам усяго адзін год, пасля чаго памёр. Тады наконт узросту членаў палітбюро хадзіла шмат анекдотаў. Кшталту: як пачнецца новы з’езл КПСС? – Камандай: “Усім устаць! Членаў Палітбюро ўнесці”. І такія жарты зразумелыя, бо сярэдні ўзрост членаў палітбюро ў тыя часы складаў больш за 70 год. Падавалася, гэтыя часы прайшлі. Аказалася, не. Уладзімір Пуцін падпісаў закон, які дазволіць яму балатавацца два разы. То бок, калі “пашанцуе” і яго абяруць прэзідэнтам у 2030 годзе, то пад канец тэрміну прэзідэнцтва яму будзе ўжо 84 гады. Глядзіш, у параўнанні з сучасным расейскім кіраўніцтвам савецкае палітбюро падасца яшчэ вельмі маладым.