У рэжыме кадравых перастановак



Панядзелак, 5 красавіка, Беларусь сустрэла з новым міністрам інфармацыі. Ім прызначаны Уладзімір Пярцоў – нараджэнец Віцебска, які за час сваёй прафесійнай кар’еры кіраваў і віцебскім абласным радыё, і тэлерадыёкампаніяй “Гродна”, і дырэктарстваваў на тэлеканале “РТР-Беларусь” пры СТБ, а апошнім часам быў дырэктарам прадстаўніцтва тэлекампаніі “Мір” у Беларусі. Карацей, для яго свет інфармацыі – зусім не чужы. Праўда, гэты свет і зусім па іншы бок барыкады. Так, мірныя пратэсты новы міністр лічыць спробамі “каляровай рэвалюцыі”, якую спрабавалі арганізаваць заходнія службы. Летась, калі мы пачалі жыць у часы пандэміі, Пярцоў казаў, што “недзяржаўныя СМІ сеюць паніку, разбіваюць псіхіку людзей, спрабуюць яхіднічаць”.

А што з ранейшым міністрам інфармацыі Ігарам Луцкім, які адпрацаваў на гэтай пасадзе менш за год? Той быў міністрам нядоўга, але відаць выслужыцца паспеў, за адданую працу Аляксандр Лукашэнка прызначыў яго намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, галоўным па ідэалогіі. Пастараўся Ігар Луцкі добра: недзяржаўныя медыя атрымлівалі шматлікія папярэджанні, Тут.бай пазбавіўся статусу СМІ, ад жніўня газеты “Народная воля” і “Камсамольская праўда ў Беларусі” перасталі друкавацца ў Беларусі, а ў другой палове мінулага году некалькі рэгіянальных СМІ спынілі папяровы выхад. Прыгадаю хаця б тое, што сумны лёс напаткаў “Газету Слонімскую”, галоўная рэдактарка якой Ганна Валадашчук нават вымушана пакінула Беларусь, баючыся крымінальнага пераследу, у рэдакцыі і дома ў яе прайшлі ператрусы, канфіскацыя ўсёй тэхнікі. “Брэсцкая газета” прыпыніла свой выхад, бо атрымала адмову ад друкарні.  Галоўнаму рэдактару Віктару Марчуку ды іншым журналістам пракуратура Берасця вынесла афіцыйнае папярэджанне за “распаўсюд недакладнай інфармацыі”, але не паведаміла якой, да таго ж Марчуку вынеслі папярэджанне за заклік да несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў, таксама не патлумачыўшы пра што канкрэтна ідзе гаворка. І вось ужо сёлета ў сакавіку беларускамоўныя часопісы “Наша гісторыя” і дзіцячыя “Дуда” і “Асярожна: дзеці!” былі выгнаныя з дзяржаўных сетак распаўсюду.

Чакаць, што нешта зменіцца з новым міністрам не выпадае. Прынамсі, наўрад ці ў лепшы бок. На такія пасады прызначаюць “сваіх”, “правераных” людзей. Чарговая кадравая ратацыя – гэта ўсяго звычайная практыка чалавека, які надалей называе сябе кіраўніком дзяржавы. Які не давярае да канца нікому. У той жа час з пачатку года журналістаў затрымлівалі 28 разоў. 12 нашых калег цяпер знаходзяцца за кратамі.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.