Палітзняволеная Аляксандра Патрасаева прамовіла на судзе свае апошняе слова
“Дрэнныя падзеі дапамагаюць нам стаць лепш. У нас з’яўляецца магчымасць пераасэнсаваць некаторыя рэчы і стаць больш шчодрымі, клапатлівымі…”. Таксама дзяўчына падзякавала за падтрымку — з боку тых, хто сядзеў з ёй у СІЗА, і тых, хто дапамагаў ёй з волі.
“Вы надавалі мне сілы і ўпэўненасці. Вы прайшлі са мной складаны шлях — вы былі са мной кожную хвіліну, кожны дзень, кожны праведзены ў СІЗА месяц”, — сказала Аляксандра. Падчас сваёй прамовы яна плакала. Некаторыя прысутныя ў залі — таксама.
– Гэта было шчыра, таму ўсе расчуленыя. Асабліва я, бо я з Сашай знаёмая вельмі даўно. Мы з ёй жылі разам. Я вельмі добра ведаю Сашу, яна для мяне як сястра. Таму для мяне гэтыя словы вельмі важныя і значныя.
– Не расплакацца было вельмі складана.
РР: Вы сказалі, што вас Саша працытавала?
– Я дакладна помню, што я ёй пісала, і яна цалкам цэлы сказ агучыла ў сваім апошнім слове.
Аляксандра Патрасаева з’яўляецца круглай сіратой. 10 жніўня яна пайшла ў горад, каб дапамагчы параненым ад дзеянняў сілавікоў. Але яе затрымалі – дзяўчына прайшла катаванні ў РУУСе і тры дні Акрэсціна, пасля чаго ёй наклалі гіпс. У межах крымінальнай справы Аляксандру затрымалі 16 кастрычніка — і з тых часоў яна знаходзілася ў СІЗА. Праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай. Прысуд Патрасаевай будзе вынесены 7 красавіка ў 14.00 у судзе Маскоўскага раёна горада Менска.
Беларускае Радыё Рацыя