Страйкам „Беларуськалія” зноў заклікае кампанію Yara разарваць кантракт з прадпрыемствам



Страйкам „Беларуськалія” зноў заклікае кіраўніка нарвежскай кампаніі Yara разарваць кантракт з беларускім прадпрыемствам. Як паведаміў тэлеграм-канал страйкама, пра гэта гаворыцца ў адкрытым лісце генеральнаму дырэктару Yara Свейну Тору Холшэру.

У лісце прадстаўнікі страйкама яшчэ раз адзначылі „масавыя рэпрэсіі ў дачыненні да працоўных, а таксама хлусню з боку кіраўніцтва „Беларуськалія” і незалежнага прафсаюза”.

„Паважаны Свейн Тор Холшэр, мы ўдзячныя вам за тое, што пасля нашага звароту ў верасні 2020 года вы выйшлі з намі на сувязь і цікавіцеся развіццём падзей. Мы адкрыта заяўляем, што кіраўніцтва „Беларуськалія” мэтанакіравана ўводзіць вас у зман, — гаворыцца ў лісце. — На работнікаў, якія знаходзяцца ў сапраўды незалежных прафсаюзах, ідзе сістэматычны ціск, а тым, хто хоча выйсці з праўладнага прафсаюза, проста не падпісваюць заявы аб сыходзе. За час вашых перамоў сотні нашых калег былі рэпрэсаваныя, арыштаваныя, зведалі катаванні ў турмах, былі аштрафаваныя, звольненыя, некаторыя, баючыся за сваё жыццё, вымушаныя былі бегчы з краіны. Рэпрэсіі працягваюцца з неаслабнай сілай”.

Паводле слоў працоўных, „страйкавы камітэт — законны прадстаўнік больш чым 6.000 работнікаў прадпрыемства”. „Мы поўныя рашучасці працягваць барацьбу за нашы правы. Мы не патрабуем нічога, што было б незнаёмае кожнаму нарвежцу: права на свабоду, права на працу, свабоду сходаў і проста права на жыццё. Нашу барацьбу падтрымліваюць людзі па ўсім свеце. Амаль 100 тысяч чалавек падпісалі адрасаваную вам петыцыю, якая падтрымлівае пазіцыю страйкама і заклікае вас адмовіцца ад фінансавання дыктатара. Як бы ні было прадстаўленае тое, што адбываецца ў Беларусі, але любое супрацоўніцтва з дзяржаўнымі кампаніямі Беларусі — гэта прамое фінансаванне дыктатарскага рэжыму”, — гаворыцца ў звароце.

Як адзначае тэлеграм-канал, пазіцыю страйкама „Беларуськалія” падтрымліваюць офіс Святланы Ціханоўскай і Народнае антыкрызіснае кіраванне, а таксама амаль 84.000 людзей па ўсім свеце, якія падпісалі петыцыю да кампаніі Yara.

Як паведамлялася, выканкам Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) у сваёй заяве ад 3 сакавіка выступіў супраць прымусу Yara International, якая купляе беларускія калійныя ўгнаенні, да разрыву кантракта з ААТ „Беларуськалій”. У дакуменце адзначалася, што выканкам БКДП зацікаўлены ў дзейнасці на беларускім рынку кампаніі Yara, якая з’яўляецца „ўзорам паводзін сацыяльна адказнай кампаніі”. „Акрамя Yara International, ніводная з замежных кампаній, у тым ліку вядомых, якія працуюць у Беларусі, не кіруецца кодэксам этыкі бізнесу і не ставіць перад беларускімі партнёрамі ў якасці безумоўных умоў, неабходных для далейшага працягу супрацоўніцтва, захаванне імі правоў чалавека і правоў працоўных”, — растлумачылі ў незалежным прафцэнтры. Кіруючы орган БКДП „высока ацэньвае” заяўленыя Yara ўмовы, пры выкананні якіх магчымае перазаключэнне кантракта з „Беларуськаліем”. Гэтымі ўмовамі, нагадваецца ў дакуменце, з’яўляюцца „аднаўленне на працы ўсіх незаконна звольненых работнікаў таварыства, якія пайшлі ў страйк, выплаты прэмій для работнікаў, якія раней атрымалі дысцыплінарныя спагнанні, спыненне пераследаў і звальненняў усіх, хто ў далейшым далучаецца да страйку, а таксама „прыём экспертаў Yara International па бяспецы працы на ААТ „Беларуськалій” з мэтай выпрацоўкі мер па паляпшэнні ўмоў працы работнікаў і павышэнні яе бяспекі”.

У той жа час прафсаюз РЭП 10 сакавіка заклікаў прадстаўнікоў прафактыву і страйкамаў выпрацаваць агульную пазіцыю па падтрымцы работнікаў „Беларуськалія”, якія страйкуюць, і супрацоўніцтве прадпрыемства з Yara International. Як лічаць у РЭП, „такія заявы не павінны прымацца без шырокага ўдзелу прафактыву і прадстаўнікоў страйкама „Беларуськалія”. Акрамя таго, як адзначаецца, „у заяве выканкама выказаная заклапочанасць далейшым супрацоўніцтвам кампаніі Yara і „Беларуськалія”, але адсутнічае салідарнасць з работнікамі, якія ўваходзяць у страйкам, і заклапочанасць іх становішчам і становішчам іх сем’яў”.

Раней генеральны дырэктар Yara International і іншыя прадстаўнікі кампаніі заявілі, што падзяляюць пазіцыю нарвежскага ўрада аб падтрымцы дэмакратычнай Беларусі і правоў чалавека. Нарвежцы двойчы прыязджалі ў Беларусь і сустракаліся з кіраўніцтвам „Беларуськалія” (18 верасня і 10 снежня 2020 года) з нагоды страйку рабочых і ўмоў працы на прадпрыемстве. Холшэр адзначыў, што „мяжа непрымальнасці сітуацыі на „Беларуськаліі” ўжо пройдзеная”, будуць разглядацца новыя магчымасці ціску на беларускіх партнёраў і спосабы дапамогі страйкоўцам.

У студзені Святлана Ціханоўская накіравала Холшэру ліст, у якім заклікала кампанію прыпыніць кантракт з „Беларуськаліем” і дапамагчы работнікам прадпрыемства, якія страйкуюць. Яна выказала падзяку Yara за пазіцыю, адзначыўшы, што, нягледзячы на спробы нарвежцаў наладзіць дыялог з топ-менеджментам „Беларуськалія”, узровень рэпрэсій расце.

 БелаПАН