Арыштаваныя актывісткі грамадскага аб’яднання „Звяно”



 Вобшук у офісе і дома ў праваабаронцы і дырэктара асветніцка-сацыяльнага грамадскага аб’яднання „Звяно” Таццяны Гацуры-Яворскай праходзіў у межах расследавання крымінальнай справы аб масавых беспарадках.

У пастанове на вобшук была названая ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (навучанне або іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках), паведаміў БелаПАН муж праваабаронцы Уладзімір Яворскі.

Цяпер Гацура-Яворская, а таксама актывісткі „Звяна” Наталля Трэніна і Юлія Сяменчанка знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання ў 1-м завулку Акрэсціна ў Менску.

Атрымаць афіцыйны каментар у Следчым камітэце БелаПАН пакуль не ўдалося.

Гацура-Яворская і Трэніна арганізавалі выставу „Машына дыхае, а я — не”, прысвечаную беларускім урачам, якія змагаюцца з кавідам і палітызацыяй сістэмы аховы здароўя. Аўтары работ, прадстаўленых на выставе, — вядомыя фатографы і мастакі.

Выстава адкрылася 30 сакавіка ў event-прасторы „Месца” ў доме на вуліцы Рэвалюцыйнай у Мінску і павінна была завяршыцца 17 красавіка, аднак 1 красавіка прадстаўнікі санстанцыі і МНС заявілі аб парушэннях і загадалі закрыць памяшканне да іх ліквідацыі.

У ноч з 5 на 6 красавіка прадстаўнікі арганізатараў праекта паведамілі ў сацсетках, што вымушаныя яго спыніць: „Нам вельмі шкада, але мы вымушаныя спыніць рэалізацыю праграмы праекта „Машына дыхае, а я — не”. Мы вельмі шануем супольнасць, якая паспела сфармавацца вакол праекта, і шчыра ўдзячныя вам за цікавасць і падтрымку. Дзякуй”.

belapan.by