ІПН адкрыў адмысловы цэнтр інфармацыі



Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы адкрыў Цэнтр інфармацыі пра ахвяраў Другой сусветнай вайны, дзе кожны зацікаўлены можа атрымаць дакументы пра сваіх зніклых родных. Пакуль у базе дадзеных толькі звесткі пра рэпрэсаваных немцамі і саветамі.

Але, як падкрэслівае пракурор беластоцкага аддзялення Інстытута Дарыюш Альшэўскі, у базу варта ўнесці звесткі пра ахвяраў атрада Рамуальда Райса „Бурага”, якія былі беларусамі па нацыянальнасці:

– Цэнтр пакуль не прадугледжвае такіх ахвяраў, як пацыфікацыя “Бурага”, але гэта ідэя над якой варта паразважаць і падумаць, а таксама ўнесці ў базу дадзеных. Таму калі хочам дакументаваць, то давайце дакументаваць усе ахвяры.

Рамуальд Райс „Буры” – адказны за забойствы дзясяткаў беларусаў у студзені і лютым 1946 года. Паводле яго загаду з жыхарамі былі спалены вёскі Залешаны, Волька Выганоўская, Зані, Шпакі, а ў ваколіцах Гайнаўкі расстраляныя фурманшчыкі. Дакументы пра ахвяраў гэтых злачынстваў захоўваюцца ў аддзяленні Інстытута нацыянальнай памяці ў Беластоку.

Беларускае Радыё Рацыя