СААЗ выказалася супраць увядзення пашпартоў вакцынацыі ад COVID-19 для паездак



Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) выказалася супраць увядзення пашпартоў вакцынацыі ад каронавірусу як абавязковага патрабавання пры міжнародных паездках, паведамляе ТАСС са спасылкай на афіцыйнага прадстаўніка СААЗ Маргарэт Харыс.

«Ужыванне вакцын ад каронавірусу, няхай гэта будзе клінічныя даследаванні або прышчэпкі шырокіх слаёў насельніцтва, ажыццяўляецца менш за адзін год. Часткай даследаванняў з’яўляецца тэставанне ўзроўняў антыцелаў у людзей і высвятленне таго, ці ёсць у іх антыцелы, якія нейтралізуюць і здольныя спыніць вірус. Гэтая праца працягваецца», — канстатавала афіцыйны прадстаўнік.

«Што тычыцца пашпарта вакцынацыі, то мы, у СААЗ, на цяперашняй стадыі не хацелі б бачыць, каб гэта было патрабаваннем для ўезду або выезду», — падкрэсліла Харыс. Паводле яе слоў, патрабаванне абавязковай вакцынацыі пры міжнародных паездках звязана таксама з рызыкай «дыскрымінацыі ў дачыненні да людзей, якія не мелі магчымасці зрабіць прышчэпку па той ці іншай прычыне».