Эфект Deja vu



У 1990-х пенсіянеры-апазіцыянеры на Смаргоншчыне не мелі інтэрнэту, затое выпісвалі процьму газет (ад “Свабоды” да “Народнай волі”) і горача спрачаліся пра палітыку, сабраўшыся вечарамі “на сяло”. Хтосьці проста не любіў новаабранага кіраўніка, а хтосьці прайшоў сталінскія парадкі на практыцы, адсядзеў свае 10 год і ведаў, да чаго мы можам прыйсці. Іх ужо няма… Няма і многіх выданняў, якія яны чыталі дзяды-заходнікі ў 1990-х. Не дачакаліся прасвету…

З 1996 па 2006 выходзіла “Новая газета Сморгони” – вельмі папулярнае ў Смаргонскім раёне выданне, выданне, якое расхоплівалі, быццам гарачыя піражкі. Якая прымусовая падпіска?! Гэта ж не дзяржаўная раёнка. Выданне насамрэч цікава і неабыякава пісала пра жыццё рэгіёна, не баялася даваць у друк вострыя тэмы, калонкі і рэпартажы. Вакол любога выдання ў правінцыі гуртуецца мясцовая нефармальна-творчая тусоўка, чытачы і няштатныя аўтары. Ствараецца своеасаблівы асяродак думаючых, разумных, неардынарных людзей. Тых, каго цікавяць не толькі аб’явы тыпу, хто дзе нарадзіўся ці памёр, хто і што прадае – трактар, карову або курыцу! Зрэшты, мясцовыя аб’явы – асобны кавалачак жыцця людзей, які ігнараваць нельга, гэта таксама важна. Галоўнае не засмечваць татальна старонкі раённага выдання справаздачамі пра ўраджай і “ўказіўкамі” зверху.

Людзі, якія ў свой час чыталі “НгС”, і ў 2021-м застаюцца людзьмі неабыякавымі, думаючымі… Ці дачакаюцца яны прасвету? Або будуць бясконца плаціць штрафы за неабыякавую грамадскую пазіцыю? Тым часам заснавальнік і выдавец першай (і пакуль адзінай!) газеты ў Смаргоні паехаў на іншы канец Беларусі, у Гомель. Хімію адбываць за неабыякавую грамадскую пазіцыю.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ