Выстава „Абуджэнне Беларусі” ў Беларускім Доме ў Варшаве
9 красавіка, роўна праз 8 месяцаў з пачатку пратэстаў у Беларусі, Беларускі Дом у Варшаве па адрасе ul. Kryniczna 6 а 13:00 адкрые выставу сучасных беларускіх мастакоў і дызайнераў “Абуджэнне Беларусі”, прысвечаную грамадска-палітычным падзеям, якія зараз адбываюцца ў Беларусі.
Дызайн і выяўленчае мастацтва з’яўляюцца аднымі з галоўных рухавікоў пратэсту ў Беларусі. Тысячы яскравых і эмацыйных малюнкаў, плакатаў, калажаў і твораў стрыт-арту сталі не проста адлюстраваннем беларускіх падзеяў, яны натхняюць беларусаў адстойваць свае правы, змагацца за праўду і справядлівасць.
На выставе прадстаўлены 66 прац 14-ці аўтараў: Yury Ledzian, Street Wind, Hanna Kruk, Hanna Murajda, 84n30, Anna Redko, Yana Vyrzhemkovskaya, Lilia Kvatsabaya, Marharita Tichanovič, Maxim Osipau, Alina Shulhouskaya, Gleb Kashtanov, Darya Trublina, Pasha Сas. Гэтыя творы эмацыйна перадаюць атмасферу пратэстаў, якія працягваюць адбывацца ў Беларусі з 9 жніўня 2020 г., расказваюць пра герояў і катаў беларускай рэвалюцыі, пра злачынствы рэжыму і годныя ўчынкі беларусаў, якія не спужаліся і працягваюць змагацца. Некаторыя з гэтых прац сталі легендарнымі, іх публікавалі ў вядомых часопісах, дасылалі ў якасці паштовак палітвязням у турмы, праектавалі на будынкі дамоў, малявалі на сценах, уздымалі як плакаты на акцыях пратэсту і ўскладалі на магілы новых беларускіх герояў.
Спадзяемся, што ўсе наведнікі гэтай выставы адчуюць вольны дух беларускага грамадства і ніколі больш не застануцца абыякавымі да будучага лёсу Беларусі і яе смелага народа, якому зараз, як ніколі, патрэбная падтрымка ўсяго цывілізаванага свету ў барацьбе з тыраніяй і дыктатурай.
Паводле прэс-рэлізу