Пра несучасную беларускую школу



Хутка ў Беларусі з’явіцца новы Кодэкс аб адукацыі. Палата прадстаўнікоў у першым чытанні зацвердзіла новы дакумент. Аднак спадзявацца на тое, што гэта неяк палепшыць школу, наўрад ці выпадае. Прынамсі, такое складваецца ўражанне пасля выказванняў старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Ігара Марзалюка.

Цяперашняя беларуская школа мала чым адрозніваецца ад савецкай. Унутры будынкаў сумнавата становіцца як вучням, так і бацькам. Самае галоўнае адчуванне, што няма свабоды. І тут нават славутае “чысценька” не дапамагае. А ў дадатак да ўсяго чырвона-зялёнае афармленне, піянеры, акцябраты, БРСМы, ідэолагі і іншая трасца, якая не ўздымае настрой ні вучням, ні бацькам. Пра якасць адукацыі большасці школ увогуле можна прамаўчаць: паступленне без репетытараў і курсаў – гэта хутчэй выключэнне чым правіла. І вось замест таго, каб тэрмінова мяняць школу, рабіць яе прывабнай, уводзіцца новы Кодэкс аб адукацыі. І што там новага? Як распавёў дэпутат Марзалюк, будзе забаронена розным грамадскім аб’яднанням і фондам, якія “не маюць дачынення да сістэмы адукацыі, выкарыстоўваць такія паняцці, як школа, ліцэй, каледж, інстытут, універсітэт, акадэмія”. Вось крута, гэта акурат тое, што выратуе школу. Гэта ўсё роўна, калі ў вас баліць галава, то вы замест лячэння ці прыёму лекаў будзеце забараняць іншым выкарыстоўваць слова мігрэнь. А яшчэ новы Кодэкс забароніць бацькам умешвацца ў навучальны працэс. Што гэта менавіта азначае, пакажа час. Але ад беларускіх дэпутатаў і законатворцаў у любым разе нічога добрага не чакаеш. І беларуская школа працягвае быць нават не ўчорашнім, а пазаўчоршнім днём.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ