Абвешчаны кароткі спіс прэміі Анемпадыстава
Журы прэміі Анемпадыстава абвясціла кароткі спіс прэтэндэнтаў на ўзнагароду.
На прэмію за найлепшую кніжную вокладку намінавалася 28 кніг. У кароткі спіс журы абрала 6 вокладак:
Анатоль Лазар – аўтар вокладкі кнігі “Беларуская нацыянальная ідэя”, Зміцер Лукашук, Максім Гаруноў. Медысонт, 2020.
(Менская абласная экспертная камісія па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі дала заключэнне, што кніга змяшчае „прыкметы праяўлення экстрэмізму”).
Кацярына Даманікава, Андрэй Ганчарук – аўтары вокладкі кнігі “Лотас на асфальце”, Алесь Плотка. Люта Справа, 2020.
Павел Дарохін – аўтар вокладкі кнігі “Нарысы сучаснага краязнаўства”, Збых Слупоўскі. Галіяфы, 2020.
Павел Дарохін – аўтар вокладкі кнігі “Папяросы”, Юры Іздрык (пераклад на беларускую – Алесь Плотка). Галіяфы, 2020.
Алена Дашкевіч – аўтарка вокладкі кнігі “Простыя словы. Міхал Анемпадыстаў”. Stowarzyszenie Młodych Twórców -„Ku Teatrowi” (сувыдавец – Agencja Wydawnicza Ekopress), 2020.
Наталля Паваляева – аўтарка вокладкі кнігі “ROT”, Юля Цімафеева. Янушкевіч, 2020.
Кароткі спіс абіраўся рэйтынгавым галасаваннем: сябры журы ацэньвалі кожную вокладку па дзесяцібальнай шкале, адзнакі сумаваліся.
У складзе сёлетняга журы літаратарка і архівістка Вольга Бабкова, графік, дызайнер і фатограф Адам Бароўскі, дызайнер і каліграф Генадзь Мацур, дызайнерка Кацярына Пікірэня, мастачка Антаніна Слабодчыкава.
Ініцыятыва адзначаць найлепшую вокладку да беларускай кнігі належыць Беларускаму ПЭН-цэнтру сумесна з Саюзам беларускіх дызайнераў і “Лятучым універсітэтам”, а таксама польскім партнёрам ТАА “H&L” і фондам “Адкрытая культура”. Генеральным партнёрам прэміі з’яўляецца тэлеканал “Белсат”.
Прэмія заснавана ў 2019 годзе ў памяць пра чалавека многіх талентаў – мастака, паэта, фатографа, дызайнера, публіцыста, культуролага Міхала Анемпадыстава, які пайшоў з жыцця тры гады таму. Першым пераможцам прэміі стаў Грыгорый Кацнэльсон за вокладку кнігі “Віленскі покер” Рычарда Гавяліса, у 2020 годзе прэмію атрымала дызайнерка Кацярына Пікірэня за вокладку кнігі “Трое ў чоўне і пёс з імі” Джэрома К. Джэрома.
Паводле прэс-рэлізу