За суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.272 выпадкі COVID-19



За мінулыя суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.272 выпадкі COVID-19, памерлі 10 чалавек з каронавіруснай інфекцыяй. З бальніц выпісана 1.379 пацыентаў, паведаміла Міністэрства аховы здароўя.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, за суткі колькасць новых выпадкаў каронавіруса практычна не змянілася — 7 красавіка было зарэгістравана 1.278 хворых. Рэкорд захворвання прыпаў на 12 снежня 2020 года — 1.975 выпадкаў.

Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у краіне дасягнула 331.808, памерлі 2.324 пацыенты з каронавірусам, ачунялі — 322.223.

За мінулыя суткі выкананы 18.261 тэст на каронавірус (днём раней — 17.271, двума днямі раней — 7.809). Усяго з пачатку эпідэміі праведзена 5.496.424 тэсты.

Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, 8 красавіка ў мінскіх паліклініках пачалася масавая вакцынацыя ад COVID-19 тых, хто раней на яе запісаліся. Так, у 34-й паліклініцы на сёння запісана 11 чалавек, інтэрвал паміж пацыентамі — 30 хвілін. Усяго на гэты момант у гэтую паліклініку на вакцынацыю запісана больш за дзве тысячы чалавек.

Прышчэпкі робяць расейскай вакцынай „Спадарожнік V” і кітайскай „Сінафарм”.

belapan.by