Мікалай Клімовіч: Гэты працэс – расправа за праяву свабодалюбства
У Берасці працягваецца суд па гучнай “пінскай справе”. З мінулага тыдня свае паказанні і адказы на пытанні ў межах працэсу даюць пацярпелыя – гэта 109 міліцыянтаў. Усе яны заяўляюць кампенсацыю за маральную шкоду, сумы вагаюцца ад 3 да 15 тысяч рублёў. Такім чынам палітвязні трапляюць у грашовую кабалу.
Пінскі блогер Мікалай Клімовіч кажа, што гэты працэс трэба ўспрымаць як расправу над пінчукамі за праяву свабодалюбства:
– Гэта не суд, гэта судзілішча. Пінск – адзін з такіх гарадоў, які ўсё ж такі паказаў, што ён можа супрацьстаяць гэтай сістэме, і калі што – ён можа ўзяцца за зброю, і яны могуць адстаяць свае правы. Чыста сімвалічна на тым месцы, дзе адбылася сутычка 9-10 жніўня, там і адбывалася рэвалюцыйнае паўстанне.
З 23 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёна Берасця трывае працэс над чатырнаццаццю пінчукамі, якіх вінавацяць у масавых беспарадках у Пінску ў першую паслявыбарчую ноч. Тады стыхійны мітынг пад будынкам гарвыканкама скончыўся бойкай з сілавікамі.
Беларускае Радыё Рацыя