Беларускія праваабаронцы прызналі палітзняволенымі яшчэ пяць чалавек
Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі палітычнымі вязнямі яшчэ пяць чалавек, вынікае з іх сумеснай заявы, апублікаванай на сайце spring96.org.
Такім чынам, колькасць палітычных зняволеных у Беларусі вырасла да 342.
Палітвязнямі прызнаныя асуджаныя па артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса Валерый Лаза (два з паловай гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу), Юрый Карніловіч (тры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу), Павел Бераснёў (паўтара года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу), паводле артыкула 391 КК — Станіслаў Паўлінковіч (два гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу), а таксама абвінавачаны па артыкуле 391 КК Віталь Зарадзей (узяты пад варту ў СІЗА Брэста).
Праваабаронцы лічаць пераслед гэтых асобаў „палітычна матываваным, патрабуюць неадкладна вызваліць іх і спыніць крымінальны пераслед”.
Падпісанты падкрэслілі, што ўлады Беларусі „павінны прыняць меры, накіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асоб (188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391), і спыніць усе раней распачатыя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
Улады павінны неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны, гаворыцца ў заяве, якую падпісалі пазбаўлены дзяржрэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”, Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend), Беларускі ПЭН-цэнтр, „Ініцыятыва FORB”, „Прававая ініцыятыва”, „Х’юман Канстанта”, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі дакументацыйны цэнтр і Беларуская асацыяцыя журналістаў.