За сцяг на акне ў Калодзішчах на 15 сутак асудзілі 72-гадовую жанчыну
А яе нявестку аштрафавалі на 870 рублёў.
8 красавіка ў судзе Менскага раёна разглядалі справу 72-гадовай Ларысы Сысоевай. Па матэрыялах справы, распавядае «Вясна», пры аб’ездзе раёна начальнік Бараўлянскага РУУСа 7 красавіка ў акне прыватнага дома ў Калодзішчах заўважыў БЧБ-сцяг. Ён выклікаў мясцовага ўчастковага. Яны зрабілі фота сцяга на акне, а потым затрымалі жанчыну і яе нявестку Вольгу, якая жыве ў доме насупраць і дзе таксама вісеў сцяг. На жанчын склалі пратаколы за несанкцыянаваныя пікетаванні. Нявестку вызвалілі ўвечары, бо ў яе непаўнагадовыя дзеці, а 72-гадовую Ларысу змясцілі да суда ў ІЧУ Менскага раёна.
На пенсіянерку склалі пратакол па ч.3 арт. 24.23 КаАП. Ларысу Сысоеву ўжо затрымлівалі ў снежні за карагод пенсіянераў вакол ялінкі. Ёй тады прысудзілі штраф, які яна не змагла аплаціць. Цяпер гэтую суму ўтрымліваюць з пенсіі — спісваюць поўную суму.
На судзе жанчына сказала, што гэты сцяг вісіць ужо даўно, але суддзя Антон Колабаў усё роўна арыштаваў 72-гадовую пенсіянерку на 15 сутак.
Таксама сёння разглядзелі справу Вольгі Сысоевай — нявесткі Ларысы. Суддзя Новікава судзіла яе за «несанкцыянаваны пікет шляхам размяшчэння БЧБ-сцяга на фасадзе другога паверха прыватнага дома ў Калодзішчах». Вольгу прызналі вінаватай па ч.1 арт. 24.23 КаАП і аштрафавалі на 870 рублёў (30 базавых).