„Мяшкоў Берасце” упершыню прабіўся ў чвэрцьфінал гандбольнай Лігі чэмпіёнаў



Гандбалісты клуба „Мяшкоў Берасце” упершыню прабіліся ў чвэрцьфінальную стадыю Лігі чэмпіёнаў. Чэмпіёны Беларусі ў паядынку ў адказ 1/8 фіналу на пляцоўцы берасцейскага спарткомплексу „Вікторыя” упэўнена перайгралі запарожскі „Матор” з лікам 30:23. У складзе берасцейцаў выдатна згуляў галкіпер Іван Пешыч, а самым выніковым стаў Мікіта Вайлупаў, які закінуў 7 мячоў. Столькі ж раз адзначыўся беларускі легіянер украінскага чэмпіёна Барыс Пухоўскі, а ў актыве Вячаслава Бохана адзін гол. У першай сустрэчы чэмпіёны Украіны абыгралі берасцейцаў у Запарожжы з лікам 32:30. У барацьбе за выхад у паўфінал „Мяшкоў Берасце” будзе супернічаць з іспанскай „Барселонай”. Першая сустрэча адбудзецца 12 траўня ў Берасці, матч у адказ – 19 траўня ў Барселоне.

Валейбалісткі „Менчанкі” перамаглі „Камунальнік-МДУ” і выйшлі ў фінал чэмпіянату Беларусі

Валейбалісткі „Менчанкі” выйгралі ў магілёўскага „Камунальніка-МДУ” трэці матч паўфінальнай серыі з лікам 3:0 і выйшлі ў вырашальную стадыю турніру. Гульня праходзіла пад дыктоўку сталічных валейбалістак, якія пераўзыходзілі суперніц практычна ва ўсіх кампанентах гульні і менш памыляліся. Магіляўчанкі спрабавалі аказаць супраціў і выглядалі на фоне суперніц, якія выступаюць у расейскай суперлізе вельмі годна. Аднак адбіўся клас сталічнай каманды і менавіта падначаленыя Станіслава Салікава заваявалі права аспрэчваць залатыя медалі турніру. Першыя дзве гульні ў Магілёве завяршыліся на карысць сталічнай дружыны з лікам 3:1. Суперніцамі „Менчанкі” у спрэчцы за золата чэмпіянату Беларусі стануць валейбалісткі берасцейскага „Прыбужжа”. Каманда Наталлі Мелянюк у паўфінальнай серыі была мацней за „Менчанку-2”.

Дар’я Навумава заняла чацвёртае месца на ЧЕ-2021 у катэгорыі да 76 кг

Беларуска Дар’я Навумава спынілася за крок ад п’едэстала ў вагавай катэгорыі да 76 кг на чэмпіянаце Еўропы-2021 па цяжкай атлетыцы ў Маскве. У рыўку Навумава стала чацвёртай з вынікам 108 кг, а ў штуршку ўзяла малую бронзу – 132 кг. Яшчэ адна беларуска, 17-гадовая Рына Літошык фінішавала шостай. Перамогу па суме двубор’я святкавала ўкраінка Ірына Дэха.

Беларускія футбалісткі выйгралі спарынг у каманды Індыі

Футбалісткі нацыянальнай зборнай Беларусі паспяхова правялі першы матч новага сезона. Ва ўзбекскім Алмалыку падначаленыя Юрыя Малеева перамаглі ў спарынгу зборную Індыі з лікам 2:1. Усе мячы ў гэтай сустрэчы былі забітыя ў другім тайме. На 68-й хвіліне вызначылася Анастасія Шупо, якая рэалізавала пенальці, праз 10 хвілін Ганна Піліпенка павялічыла перавагу беларусак, а перад самым фінальным свістком Сангіта Басфорэ скараціла разрыў.

У другім кантрольным паядынку 11 красавіка беларускі сустрэнуцца з камандай Узбекістана. У рэйтынгу ФІФА зборная Беларусі займае 56-е месца, Узбекістан на 41-й пазіцыі, Індыя знаходзіцца на 51-м месцы.

Аляксандр Ермаковіч і Руслан Зубік увайшлі ў трэнерскі штаб „Краснадара”

Беларускія спецыялісты Аляксандр Ермаковіч і Руслан Зубік увайшлі ў трэнерскі штаб „Краснадара”. Абодва спецыялісты знаёмыя Віктару Ганчарэнку яшчэ з часоў працы ў Беларусі. Аляксандр Ермаковіч асіставаў новаму галоўнаму трэнеру „Краснадара” у БАТЭ і маскоўскім ЦСКА, а Руслан Зубік працаваў пад яго кіраўніцтвам адразу ў некалькіх футбольных клубах, паведамляе афіцыйны сайт „быкоў”.

Ліга Еўропы. Прайшлі першыя матчы 1/4 фіналу

Напярэдадні адбыліся першыя матчы чвэрцьфінальнай стадыі Лігі Еўропы УЕФА. Мяркуючы па выніках, ва ўсіх каманд, нават у тых, хто прайграў, маюцца шанцы выйсці ў паўфінал. Да таго ж гаспадары поля не змаглі перамагчы ў ніводным паядынку.

Лонданскі «Арсенал» і пражская «Славія» згулялі ўнічыю 1:1; «Аякс» – саступіў «Роме» – 1:2; а «Гранада» прайграла «Манчэстар Юнайтэд» – 0:2; заграбскае «Дынама» на хатняй арэне саступіла іспанскаму «Вільярэалу» – 0:1.

Беларускае Радыё Рацыя