Праваабаронца Таццяна Гацура-Яворская затрыманая па крымінальнай справе



Праваабаронца і дырэктар асветна-сацыяльнага грамадскага аб’яднання „Звяно” Таццяна Гацура-Яворская затрыманая як падазраваная па крымінальнай справе, паведаміў яе муж Уладзімір Яворскі.

Паводле яго слоў, 8 красавіка прайшлі адміністрацыйныя суды над усімі затрыманымі актывісткамі „Звяна” — адну пакаралі штрафам і адпусцілі, яшчэ тры атрымалі па сем сутак арышту. Усіх прызналі вінаватымі ў непадпарадкаванні супрацоўніку праваахоўных органаў.

„Таццяне таксама далі штраф у 50 базавых. Мы чакалі каля ізалятара, што яе адпусцяць, але ў выніку адвакат сказала, што Таццяна затрыманая па крымінальнай справе”, — паведаміў Яворскі. Падрабязнасцяў ён пакуль не ведае.

6 красавіка ў офісе і дома ў Гацуры-Яворскай прайшоў вобшук у межах расследавання крымінальнай справы аб масавых беспарадках. Паводле слоў яе мужа, у пастанове на вобшук была паказаная ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках).

Пасля вобшуку Гацуру-Яворскую, а таксама актывістак „Звяна”, у тым ліку Наталлю Трэніну і Юлію Сяменчанку, даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання ў 1-м завулку Акрэсціна ў Мінску.

Таццяна Гацура-Яворская і Наталля Трэніна арганізавалі выставу „Машына дыхае, а я — не”, прысвечаную беларускім урачам, якія змагаюцца з каранавірусам і палітызацыяй сістэмы аховы здароўя. Аўтары работ — вядомыя фатографы і мастакі.

Выстава адкрылася 30 сакавіка ў event-прасторы „Месца” на вуліцы Рэвалюцыйнай у Менску і павінна была завяршыцца 17 красавіка, аднак 1 красавіка прадстаўнікі санстанцыі, МНС заявілі аб парушэннях і загадалі закрыць памяшканне да іх ліквідацыі.

У ноч на 6 красавіка прадстаўнікі арганізатараў праекта паведамілі ў сацсетках, што вымушаныя яго спыніць: „Нам вельмі шкада, але мы вымушаныя спыніць рэалізацыю праграмы праекта „Машына дыхае, а я — не”. Мы вельмі шануем супольнасць, якая паспела сфармавацца вакол праекта, і шчыра ўдзячныя вам за цікавасць і падтрымку”.

belapan.by