Кантрабандныя беларускія цыгарэты



Кантрабандныя беларускія цыгарэты – далёка не навіна. Іх вязуць у Літву, Латвію, Украіну, Расею, але найбольшыя аб’ёмы – у Польшчу. Аднак у апошнія месяцы плынь гэтай кантрабанды істотна пабольшала, альбо яе проста сталі масава выкрываць.

Возьмем да прыкладу Польшчу, дзе кожная дзясятая цыгарэта – нелегальнага паходжання. Так 11 сакавіка ў Кузніцы былі затрыманыя 650 тысяч пачак нелегальных беларускіх цыгарэт на суму 9,5 мільёнаў злотых, схаваныя ў фуры з цвікамі. А 22 лютага затрымалі надзвычай буйную партыю – 1 мільён 800 тысяч пачак цыгарэт зноў жа ў Кузніцы, у двух фурах, дзе мелі быць дошкі. Кошт гэтага тавару ацанілі больш чым на 27 мільёнаў злотых. І прыклады можна працягваць. Таксама ўсё часцей адзначаюцца спробы кантрабанды ў напрамку Літвы, а кіраўнік мытнай службы гэтай краіны Ёнас Мішкініс адзначаў, што вытворчасць залішніх цыгарэт у Беларусі вельмі развітая, і такая праблема патрабуе пэўных крокаў на палітычным узроўні.  І што цікава, ужо некалькі гадоў у Беларусі няма даступнай статыстыкі ні па аб’ёмах вытворчасць тытунёвай прадукцыі, ні па яе экспарце. Напярэдадні Народнае антыкрызіснае кіраванне, дзе старшынствуе Павел Латушка, звярнулася да вядучых вытворцаў тытунёвых вырабаў з прапановай перагледзець сваю палітыку па ліцэнзійнай вытворчасці такой прадукцыі на тэрыторыі Беларусі. У аснове звароту – некалькі пунктаў, сярод якіх наступны: штогод ад акцызаў на тытунёвыя вырабы ў беларускі бюджэт паступае больш як 31 млн даляраў, якія, адзначаецца, “выкарыстоўваюцца ў тым ліку на барацьбу з пратэстамі”. Указваецца і на нелегальны абарот тытунёвых вырабаў, з якім “змагаецца Еўропа і ўвесь свет”. Так, за першыя тры месяцы 2021 года толькі на мяжы з Еўрапейскім звязам было канфіскавана 5 млн тытунёвых вырабаў нелегальнага паходжання. НАК падкрэслівае, што толькі дае “інфармацыю пра тое, што адбываецца ў Беларусі ў гандлі цыгарэтамі, куды ідуць грошы ад легальнага гандлю, і пра аб’ёмы нелегальнага гандлю, у тым ліку маркамі цыгарэт, якія вырабляюцца ў Беларусі па ліцэнзіі”. Толькі ці прыслухаюцца да звароту  British American Tobacco, Philip Morris ды іншыя кампаніі?

У справе кантрабанды беларускіх цыгарэт у мяне паўстае яшчэ некалькі пытанняў. Чаму менавіта ў апошнія месяцы пачалі надзвычай часта выкрываць гэтыя цыгарэты на мяжы і пры тым часамі рэкордныя партыі? Ці раней спробаў кантрабанды было менш ці проста яе менш выкрывалі тыя ж польскія ці літоўскія мытнікі? Ці гэта нейкім чынам звязана з палітычнымі падзеямі ў Беларусі? Ды яшчэ якім чынам здабываюцца вялікія нелегальныя партыі тавару і на якім узроўні гэты незаконны бізнес кантралюецца? Пакуль адказаў мы не атрымаем, можам толькі здагадвацца.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя