Палітзняволенага Віталя Шчэрбіча асудзілі на чатыры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму
У судзе Заводскага раёна Менска 9 красавіка абвясцілі прысуд палітвязню Віталю Шчэрбічу, якога абвінавачвалі ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў у Менску (частка 1 артыкула 13, частка 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса).
Як паведамляе сайт spring96.org, суддзя Анжэла Касцюкевіч палічыла, што віна мужчыны даказаная, і прызначыла яму пакаранне, якое напярэдадні запрасіла дзяржабвінаваўца Вольга Дзендзілевіч, — пазбаўленне волі на 4 гады ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Віталь Шчэрбіч да затрымання працаваў кладаўшчыком у прыватнай медыцынскай лабараторыі, раней судзімы не быў. Шмат гадоў займаўся страйкболам, цікавіўся ваеннай гісторыяй, вывучаў зброю, быў падпісаны на тэматычныя тэлеграм-каналы.
Мужчыну затрымалі 17 лістапада 2020 года. Дома ў Шчэрбіча знайшлі дымавыя шашкі, петарды, аэразоль са слёзацечным газам, пнеўматычны пісталет, халастыя патроны, страйкбольную зброю. Акрамя таго, канфіскавалі шэсць налепак з выявай „Пагоні”, бел-чырвона-белую стужачку. Падставы для канфіскацыі не абвяшчаліся.
Паводле абвінавачання, Шчэрбіч наўмысна з 9 жніўня 2020 года і ў наступныя дні (да затрымання ў лістападзе) сумесна з нявызначанымі асобамі меў дачыненне да масавых беспарадкаў, якія праходзілі ў Менску і іншых неўстаноўленых месцах.
Паводле версіі следства, абвінавачаны набыў і дапрацаваў прадметы „для раз’юшанага натоўпу, арганізацыі пагромаў, падпалаў, супраціву законнай дзейнасці праваахоўных органаў, не давёў злачынны намер да канца з-за абставінаў, якія ад яго не залежалі”.
Праваабаронцы адзначаюць, што ўсё абвінавачанне супраць мужчыны будавалася на інфармацыі ад мабільнага аператара аб знаходжанні абаненцкага нумара Віталя ў месцах правядзення мітынгаў у жніўні і верасні 2020 года, тэлефоннай размове з маці, пакінутых паведамленнях у тэлеграм-чатах і канфіскаваных рэчах.
Шчэрбіч сваю віну не прызнаў.
Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала мужчыну палітвязнем.