Незалежным прафсаюзам Беларусі прысудзілі міжнародную прэмію Артура Свенсана



Лаўрэатам міжнароднай прэміі Артура Свенсана ў 2021 годзе стаў беларускі незалежны прафсаюзны рух, прадстаўлены Беларускім кангрэсам дэмакратычных прафсаюзаў і яго членскімі арганізацыямі. На сайце прэміі паказана, што ўзнагарода прысуджаная за „бясстрашную барацьбу за дэмакратыю і асноўныя правы прафсаюзаў у перыяд апошняй дыктатуры Еўропы”.

„Беларусь лічыцца адной з горшых краін у свеце ў плане парушэння правоў працоўных, — гаворыцца ў паведамленні. — Праваабарончыя арганізацыі на працягу многіх гадоў выказвалі глыбокую заклапочанасць парушэннямі правоў чалавека ў краіне, „знікненнямі”, гвалтам з боку міліцыі і адсутнасцю свабоды слова і асацыяцый. Нягледзячы на спробы рэжыму Лукашэнкі ўзяць пад кантроль незалежныя прафсаюзы, ускладніць уступленне ў іх шэрагі, стварэнне арганізацый і вядзенне прафсаюзнай дзейнасці, яны ніколі не здаваліся і працягвалі працаваць дзеля сваіх членаў”.

Камітэт прэміі адзначыў, што на фоне „відавочна сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года” сітуацыя ў Беларусі „стала яшчэ горшай”. Апазіцыя „ва ўсіх яе формах” выпрабавала на сабе жорсткасць сілавікоў, яе прадстаўнікі зазналі „турэмнае зняволенне і пераслед”.

„Незалежны прафсаюзны рух заняў цэнтральнае месца ў барацьбе супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў і ў барацьбе за дэмакратыю, — адзначана ў паведамленні. — Была хваля забастовак, акцый і дэманстрацый з патрабаваннем адмены вынікаў выбараў і вызвалення ўсіх палітвязняў. На забастоўкі і дэманстрацыі адказалі тэрорам, масавымі арыштамі і катаваннямі. Шэраг прадстаўнікоў прафсаюзаў і актывістаў звольнілі з працы, многія былі кінутыя ў турмы ці вымушаныя бегчы з краіны. У офісах прафсаюзаў прайшлі вобшукі, іх закрылі. Тым не менш прафсаюзы БКДП набралі новых членаў, сфармавалі новыя мясцовыя прафсаюзы і працягнулі барацьбу. У рэшце рэшт, гэта будзе мець вырашальнае значэнне для падзення рэжыму Лукашэнкі”.

У аргкамітэце прэміі заявілі, што пасля падзення рэжыму і пры фарміраванні новага палітычнага і эканамічнага ладу краіны „актыўны прафсаюзны рух, незалежны ад палітычных уладаў, будзе мець вырашальнае значэнне ў стварэнні грамадства, якое служыць пераважнай большасці”.

Міжнародная прэмія Артура Свенсана заснавана нарвежскім прафсаюзам Industri Energi, які аб’ядноўвае работнікаў нафтавай, хімічнай, лясной прамысловасці, металургіі і фармацэўтыкі. Прэмія закліканая прасоўваць і ўмацоўваць прафсаюзы і іх правы на міжнародным узроўні.

Грашовая частка прэміі складае 500 тыс. нарвежскіх крон (каля 60 тыс. даляраў). Палова гэтай сумы ўручаецца непасрэдна пераможцу, другая палова расходуецца на праекты, звязаныя з прызёрам. Сродкі даюцца Міжнародным фондам салідарнасці Industri Energi.

belapan.by