Выстава “Кнігазбор Храптовічаў: на шляху вяртання”



15 красавіка ў Музеі кнігі ўпершыню будуць прадстаўлены ўнікальныя экспанаты: перапіска XIX стагоддзя сям’і Храптовічаў і вернутыя з-за мяжы кнігі з іх знакамітай бібліятэкі ў Шчорсах.

Тры кнігі і ліставанне прадстаўнікоў роду Храптовічаў былі вернутыя на Беларусь з Германіі ў лютым 2020 года намаганнямі дабрачыннага фонду “Шчорсы і Храптовічы”. Некалі бібліятэка, якую пачаў збіраць канцлер Іахім Літавор Храптовіч яшчэ ў XVIII стагоддзі, лічылася адной з найбагацейшых ва Усходняй Еўропе.

Як старажытныя кнігі, так і перапіска на французскай мове – гэта надзвычай каштоўныя помнікі свайго часу, якія дагэтуль нідзе не публікаваліся і не дэманстраваліся публіцы. Летась са згоды апошніх уладальнікаў адшуканыя каштоўныя дакументы былі перададзены ў Беларусь. Падчас адкрыцця выставы адбудзецца афіцыйная перадача кніг і перапіскі Храптовічаў на захоўванне ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі.

Акрамя гэтага, будзе праведзены брыфінг для журналістаў. На ім прадстаўнікі Нацыянальнай бібліятэкі і фонду “Шчорсы і Храптовічы” распавядуць пра першы вопыт вывучэння кніг і ліставання Храптовічаў, звернуць увагу на іх значэнне для беларускай і сусветнай культуры, а таксама раскажуць пра новыя крокі ў вывучэнні гісторыі знакамітага роду, яго спадчыны ў Беларусі і замежжы, пра шляхі яе вяртання на Радзіму.

Таксама ў экспазіцыі будуць прадстаўленыя мастацкія творы студэнтаў БНТУ, якія працавалі валанцёрамі на летніках па добраўпарадкаванні маёнтка Храптовічаў у Шчорсах у 2018–2019 гадах.

Выстава “Кнігазбор Храптовічаў: на шляху вяртання” арганізавана сумесна дабрачынным фондам “Шчорсы і Храптовічы” і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі.

Выстава адкрыецца а 16-й гадзіне ў музеі кнігі (пам. 347) і будзе працаваць да 30 красавіка 2021 г.

nlb.by