На беларуска-літоўскай мяжы адновяць працу тры пункты пропуску



12 красавіка на беларуска-літоўскай мяжы адновяць працу тры пункты пропуску, паведаміла прэс-служба Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

Зараз на гэтым кірунку дзейнічаюць чатыры пункты пропуску: „Каменны Лог” („Мядзінінкай”), „Катлоўка” („Лаворышкес”), „Беняконі” („Шальчынінкай”) і „Прывалка”(„Райгардас”).

Перасячэнне беларуска-літоўскай мяжы адновіцца ў наступных пунктах пропуску:

— „Відзы „(„Твярачус”) — для перасячэння мяжы асобамі незалежна ад іх грамадзянства, грузавымі парожнімі транспартнымі сродкамі і транспартнымі сродкамі, прызначанымі для перавозкі пасажыраў, тэхнічна дапушчальная агульная маса якіх не перавышае 3.500 кілаграмаў і колькасць месцаў для сядзення ў якіх, акрамя сядзення кіроўцы, не перавышае васьмі, незалежна ад іх дзяржаўнай прыналежнасці, а таксама для перамяшчэння тавараў для асабістага карыстання;

— „Лоша” („Шумкас”) — для перасячэння мяжы асобамі незалежна ад іх грамадзянства, транспартнымі сродкамі, прызначанымі для перавозкі пасажыраў, тэхнічна дапушчальная агульная маса якіх не перавышае 3.500 кілаграмаў і колькасць месцаў для сядзення ў якіх, акрамя сядзення кіроўцы, не перавышае васьмі, незалежна ад іх дзяржаўнай прыналежнасці, а таксама для перамяшчэння тавараў для асабістага карыстання;

— „Лынтупы” („Папялякіс”) — толькі для грузавікоў, якія перамяшчаюць буйнагабарытныя або цяжкія грузы, пры наяўнасці адпаведнага дазволу.

У пунктах пропуску падчас перасячэння мяжы працягнуць дзейнічаць асаблівыя правілы і абмежаванні ў сувязі з эпідэмічным становішчам, выкліканым інфекцыяй СОVID-19, адзначылі ў Дзяржпагранкамітэце.

Апошнім часам паведамляецца пра чэргі велікагрузных аўтамабіляў на беларуска-літоўскай мяжы. Беларускія памежнікі тлумачаць гэта частымі тэхнічныя збоямі ў працы літоўскага боку і рамонтнымі работамі ў дзейных пунктах пропуску.

belapan.by

Фота: udf.by