У судзе над Бабарыкам абарона абвясціла скаргі на працэсуальныя парушэнні



Вярхоўны суд Беларусі 9 красавіка працягнуў разгляд справы былога кіраўніка праўлення „Белгазпрамбанка”, экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі і топ-менеджараў банка.

Як паведаміў тэлеграм-канал Бабарыкі, абарона абвясціла скаргі на працэсуальныя парушэнні і парушэнні яго правоў у папярэднім расследаванні, накіраваныя ў Генпракуратуру.

„З Віктарам Дзмітрыевічам праводзіліся гутаркі без адвакатаў і афармлення працэсуальных дакументаў, на яго адрас гучалі пагрозы, а адвакатаў дыскрэдытавалі”, — адзначаецца ў паведамленні.

Абарона падрыхтавала скаргі, якія Бабарыка павінен быў падпісаць і накіраваць у суд. Яны тычыліся абскарджання дзеянняў Белтэлерадыёкампаніі, якія парушаюць прэзумпцыю невінаватасці. „Гэтыя скаргі не дайшлі да Віктара Бабарыкі. З нейкай прычыны адміністрацыя СІЗА КДБ перадала іх кіраўніку следчай групы, які палічыў: гэтыя скаргі неабходна вярнуць складальнікам, адвакатам. Такім чынам, Бабарыка не змог звярнуцца ў суд”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адвакаты хадайнічалі запатрабаваць з „Белгазпрамбанка” акты праверак, якія праводзіліся Нацыянальным банкам і Камітэтам дзяржаўнага кантролю. На думку абароны, там могуць быць звесткі, якія даказваюць правамернасць фінансава-гаспадарчых адносін банка і камерцыйных арганізацый. Суд гэтае хадайніцтва задаволіў часткова і вырашыў, што не будзе запатрабаваць гэтыя акты праверак. Замест гэтага запатрабуе толькі інфармацыю, ці былі ў актах звесткі аб нейкіх карупцыйных дзеяннях.

„Наколькі я магу разумець, маецца на ўвазе, што кіраўніцтва банка цяперашняе павінна гэтыя акты праверак знайсці, неяк прачытаць і тое, што палічыць патрэбным, падаць. А мы не будзем мець магчымасці праверыць, ці ўсё пададзена, ці тое, што мы хацелі, пададзена і ці ёсць там яшчэ нейкая важная інфармацыя”, — прыводзіць тэлеграм-канал Бабарыкі словы яго адваката Дзмітрыя Лаеўскага.

11 чэрвеня 2020 года ў галаўным офісе „Белгазпрамбанка” прайшоў вобшук у межах крымінальнай справы аб ухіленні ад выплаты падаткаў і легалізацыі сродкаў, атрыманых незаконным шляхам. Большасць членаў праўлення банка былі затрыманыя. Гэта адбылося пасля таго, як Бабарыка пакінуў пасаду старшыні праўлення ў маі мінулага года ў сувязі з планамі ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах. 18 чэрвеня ён быў затрыманы паводле абвінавачання ў арганізацыі супрацьпраўнай дзейнасці ў гады, калі кіраваў банкам. Прадстаўнікі ўлады сцвярджаюць, што ў крымінальным пераследзе Бабарыкі няма палітычнай падаплёкі, аднак абвінавачаны лічыць інакш.

Працэс па справе „Белгазпрамбанка” пачаўся 17 лютага. Справа разглядаецца ў будынку суда Маскоўскага раёна Менска. Журналістам недзяржаўных СМІ ў акрэдытацыі было адмоўлена, нягледзячы на тое, што суд абвешчаны адкрытым. Да пачатку асноўнага працэсу прэс-служба ВС паведаміла, што з шасцю абвінавачанымі па справе „заключаныя дасудовыя пагадненні аб супрацоўніцтве”. Бабарыка віну не прызнаў і на здзелку са следствам не пайшоў.

На пасяджэнні 6 красавіка Бабарыка ўпершыню даў паказанні па сваёй справе. Ён заявіў, што лічыць крымінальны пераслед і выстаўленыя яму, яго сыну, сябрам, калегам і партнёрам абвінавачанні неабгрунтаванымі і палітычна матываванымі. Гэтыя дзеянні, на яго думку, першапачаткова мелі адну мэту — не дапусціць яго ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах. Пасля гэтага Бабарыка адмовіўся даваць якія-небудзь тлумачэнні і адказваць на пытанні.

БелаПАН