Статкевіч расказаў, каго яшчэ будуць судзіць разам з ім



У лісце Мікалая Статкевіча з турмы за 28 сакавіка палітык паведаміў падрабязнасці справы, па якой ён праходзіць абвінавачаным.

“Судзіць разам са мной будуць яшчэ Сяргея Ціханоўскага, Арцёма Сакава, Дзмітрыя Папова, Уладзіміра Цыгановіча, Ігара Лосіка. Кожнага з нас абвінавачваюць па арт. 293 ч.1. Акрамя таго, ва ўсіх “саўдзельнікаў”, за выключэннем аднаго мяне, ёсць яшчэ дадатковыя артыкулы КК. Сутнасць “злачынства” апісана ў “абвінавачванні” надзвычай шматслоўна і заблытана. Але каротка яго можна апісаць так: нашы крытычныя да ўлады выказванні ў інтэрнэце выклікалі рост пратэставых настрояў і прывялі да збору “неарганізаванай масы людзей”, якія здзейснілі “масавыя беспарадкі”. Значыць, мы — арганізатары гэтых “беспарадкаў”. Логіка!”, — піша Статкевіч.

Ён адзначае, што пачаў знаёміцца з матэрыяламі справы — гэта 110 тамоў, таму азнаямленне можа расцягнуцца на месяц. Палітык адзначыў, што пачуваецца добра і папрасіў не хвалявацца за яго.

 Беларускае Радыё Рацыя