Расея выходзіць з Дамовы аб звычайных узбраеннях



Расея з 11 сакавіка прыпыняе ўдзел у пасяджэннях сумеснай кантактнай групы па Дагаворы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе, пра гэта напярэдадні заявіла расейскае МЗС. Падпісаная ў 1990 годзе дамова ўсталёўвала баланс звычайных узбраенняў такіх як танкі, бронетэхніка, баявыя самалёты на еўрапейскім кантыненце.

Фактычна гэтая дамова не дзейнічала з 2007 года, калі Расея выйшла ў аднабаковым парадку з Дамовы, кажа палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі:

– Расея проста яшчэ выкарыстоўвала фармальны, так бы мовіць, механізм кансультацый. Хутчэй гэта дэманстратыўны, сімвалічны жэст. І ён выглядае па-свойму лагічна з гледзішча той канфрантацыі з Захадам, таго клінчу, у які Расея сёння ўвайшла.

Як паведаміў кіраўнік дэлегацыі Расеі на перамовах у Вене па пытаннях ваеннай бяспекі і кантролю над узбраеннямі Антон Мазур, рашэнне расейскага боку не абазначае адмовы Масквы ад далейшага дыялогу аб кантролі над звычайнымі ўзбраеннямі ў Еўропе.

Расею на кансультацыях па звычайных узбраеннях у Еўропе можа прадстаўляць Беларусь. Паводле Расеі, гэты дагавор ужо даўно не дзейнічае. Менск чарговы раз выходзіць на міжнародную геапалітычную арэну, але роля Беларусі ў дадзеным выпадку зусім неадназначная, мяркуе палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі:

– Па-першае, гэта азначае быць рупарам, а па-другое, гэты крок выхаду Расеі сам па сабе развязвае рукі для таго, каб займацца мілітарызацыяй, высоўваннем на перадавыя, з гледзішча Крамля, рубяжы новых сілаў і узбраенняў. Найперш тут называюцца Крым ды Калінінградская вобласць. Але адным з такіх плацдармаў можа стаць і Беларусь.

Дамова аб звычайных узброеных сілах абмяжоўвала колькасць звычайнага ўзбраення, танкаў, бронетранспарцёраў, артылерыйскіх установак, баявых самалётаў у Еўропе. Паводле гэтай дамовы, падпісанай у 1990 годзе, тагачасныя бакі НАТА і Арганізацыя Варшаўскай дамовы прынялі рашэнне аб утылізацыі тысяч адзінак тэхнікі. Тым самым спынялася гонка ўзбраенняў і пачыналася дэмілітарызацыя кантыненту.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

Фота bbc.co.uk