Святлана Ціханоўская – пра трагедыю ў менскім метро
Святлана Ціханоўская выказалася з нагоды 10-й гадавіны трагедыі ў менскім метро.
11 красавіка 2011 года была падарваная наша бяспека. Ад выбуху ў метро загінулі 15 чалавек і пацярпелі больш за 400. Гэтыя сухія лічбы не здольныя апісаць той жах, які зведалі сотні сем’яў і ўся Беларусь.
11 красавіка 2011 года быў падарваны наш давер да суду. Падазраваных знайшлі за лічаныя дні. Іх судзілі, нягледзячы на мноства нестыковак, а смяротны прысуд выканалі так хутка, што многія не паверылі ў сумленнасць правасуддзя.
11 красавіка 2011 года была падарваная тая самая стабільнасць. Увесь Менск быў напалоханы, мабільная сувязь не працавала ад перагрузак, людзі шукалі родных па бальніцах і не разумелі, што адбываецца, таму што замест навін чулі жудасныя чуткі.
З таго дня мы яшчэ вельмі доўга не адчувалі сябе ў бяспецы.
Прайшло 10 гадоў – і рэжым зрабіў усё, каб беларусы зноў баяліся хадзіць па вуліцах сваіх гарадоў, не мелі ўпэўненасці ў тым, што будзе заўтра, і былі пазбаўленыя абароны законам.
Пры гэтым самі беларусы дапамагаюць адзін аднаму, як і тады – 10 гадоў таму. Памятаеце, усе падвозілі пацярпелых, аказвалі медыцынскую, юрыдычную і любую іншую дапамогу.
Нават у самыя цяжкія дні беларусы паказваюць, што мы – нацыя, якой хочацца ганарыцца.
І нацыя, якая змагаецца – за новую Беларусь, дзе ўсе зняволеныя па палітычных матывах на волі і рэабілітаваны, дзе мы адчуваем сябе бяспечна і можам планаваць сваю будучыню, дзе закон не проста выконваецца, але і роўны абсалютна для ўсіх.
Сёння Ціханоўская заклікала беларусаў прыйсці да помніка на станцыі метро Кастрычніцкая, каб ускласці кветкі, паставіць знічы і ўшанаваць хвілінай маўчання ўсіх загінулых у гэтай трагедыі, якая ніколі не павінна паўтарыцца.
Беларускае Радыё Рацыя