Павел Латушка: Людзі не давяраюць так званай праваахоўнай сістэме



Журналіст Беларускага Радыё Рацыя пагутарыў з кіраўніком Народнага Антыкрызіснага Кіравання Паўлам Латушкам.

РР: Добры дзень, спадар Павел. Пытанне ў звязку з гадавінай тэракту ў менскім метро і актыўнымі размовамі апошнім часам пра магчымыя тэракты, а менавіта тое, што BY POL імкнуцца абвінаваціць у падрыхтоўцы нечага такога, і нават вас, здаецца, улады Беларусі трактуюць як тэрарыста…

Павел Латушка: Вітаю вас, вітаю слухачоў, я ўспамінаю той дзень, дзесяць гадоў таму я якраз быў у адпачынку, быў у Варшаве. І тады ў сваім нататніку я напісаў, што пасля гэтага дня Беларусь ужо не будзе такой, як раней. Але я памыліўся амаль на 10 год, бо ўжо тады фактычна было вельмі шмат пытанняў, што ж рэальна адбылося ў гэты дзень у менскім метро. Безумоўна гэта трагедыя, мы смуткуем па тых, хто загінуў, спачуваем тым, хто быў паранены. Але ці спазналі мы праўду пра тое, што адбылося тады ў Менску? Вельмі часта, калі праходзяць розныя палітычныя кампаніі ў Беларусі, пасля іх улады выкарыстоўваюць інструмент прапаганды, калі яны абвінавачваюць сваіх супернікаў менавіта ў пагрозе тэрарыстычных актаў, рыхтаванні іх. І тое, што яны іх „выкрываюць”… І той прыклад дзесяцігадовай даўніны ў нейкай ступені таксама з’яўляецца такім сведчаннем. Тады быў эканмічны крызіс, тады быў патэнцыйна вялікі чалавечы пратэст у Беларусі пасля разгону Плошчы Незалежнасці. А сёння таксама выкарыстоўваецца гэты інструмент прапаганды – прыдумваюць байкі, паказваюць па тэлебачанні зброю, выбуховыя рэчывы. І пазней што – абвінаваціць апанентаў у тым, што яны рыхтуюць тэрарыстычныя акты. Так, сапраўды, я ўжо „маю” чацвёрты крымінальны артыкул, прытым за які пагражае смяротнае пакаранне. Але да гэтай пары я не ведаю ні фактаў, ні аргументаў, якія б былі пакладзены ў аснову гэтага абвінавачання. Галоўнае для іх абвінаваціць, а факты непатрэбныя, альбо яны проста з неба з’яўляюцца, падтасоўваюцца. Гэта яшчэ раз сведчыць пра гніласць гэтага рэжыму. Я перакананы ў тым, што праўду пра тэракт мы ўрэшце даведаемся – праз 10 год, праз 20, але яна ўсё роўна будзе на нашай зямлі. Бо праўда пераможа зло.

РР: Расследаванне гэтага тэракту тады ўпершыню паказала які высокі недавер беларускага грамадства да рэжыму, бо нямногія ўвогуле паверылі ў афіцыйную версію, і мне падаецца менавіта там можна знайсці вытокі тых падзей, якія адбыліся ў 2020 годзе, калі недавер да гэтага рэжыму нарастаў, нарастаў і нарастаў.

Павел Латушка: Так, сапраўды, тады сацыялагічныя апытанні паказалі, што больш за 40 адсоткаў беларусаў не верыла ў вынікі следства, у вінаватасць гэтых хлопцаў. 30 адсоткаў верылі ў гэта, але той сумнеў, які нарадзіўся тады, ён ужо перарос у поўны недавер да існуючай сістэмы. Так званай праваахоўнай сістэмы, калі людзі проста не давяраюць супрацоўнікам міліцыі, следчым органам, пракуратуры і судам… Хлусня, якая адкрываецца, пацвярджаецца сведчаннямі тых людзей, якія сядзелі на Акрэсціна, у іншых месцах, а больш 35 тысяч чалавек ужо былі затрыманыя, арыштаваныя ў час мірных акцый пратэсту, якія могуць сваімі словамі расказаць пра гэта. І ці можна заглушыць 35 тысяч галасоў, ці можна заглушыць мільёны галасоў беларусаў!? Не, гэта немагчыма, бо праўда яна ўжо адсюль бачна. Сённяшняя прапаганда нават перавышае гебельсаўскую… Нават сам міністр замежных спраў Макей у сваім апошнім выступе тройчы назваў цяперашнюю ўладу рэжымам.

РР: Напярэдадні вы анансавалі стварэнне палітычнай партыі, багата каментароў гучала ўжо з розных бакоў на гэты конт. Вы гэта робіце, каб нейкім чынам актуалізаваць палітычную павестку ці ёсць нейкія іншыя прычыны?

 Па-першае, трэба разумець, што гэта крок на будучыню, бо фактычна мы марым пра парламенцка-прэзідэнцкую рэспубліку. І мы ўпэўнены, што такая краіна будзе ў новай Беларусі, дзе парламент будзе адыгрываць галоўную ролю і фармаваць урад. І тады нам спатрэбіцца такі інстытут як палітычныя партыі, дзеля таго каб яны маглі рэалізоўваць волю сваіх выбаршчыкаў. І гэта вельмі важна для будучыні. Але сёння гэта таксама важны інструмент ціску. Вы ж бачыце, як Лукашэнка і міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі адрэагавалі на гэтую ініцыятыву. Пачалі шукаць юрыдычныя зачэпкі, каб не дазволіць ствараць і рэгістраваць новыя партыі…Мы не кажам пра рэгістрацыю партыі сёння, мы не хочам адысці ад галоўнай павесткі ціску. Народнае Антыкрызіснае Кіраванне робіць шмат якіх іншых канкрэтных крокаў і нечага дасягае. Можа гэта маленькія перамогі, але так важныя сёння. Толькі маштабаванне ціску ўнутранага і знешняга, давзволіць нам перамагчы ў гэтай маральнай барацьбе дабра са злом.

Цалком гутарку слухайце тут:

Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя