Валер Карбалевіч: Рэальнай палітыкі няма
Палітолаг Валер Карбалевіч у эфіры нашага радыё выказаўся пра рашэнне апазіцыі аб стварэнні новых палітычных структур і пра дзейнасць партый у Беларусі. З ім гутарыў наш карэспандэнт Улад Грынеўскі.
РР: Пра стварэнне партыі абвясцілі прыхільнікі Віктара Бабарыкі, таксама і Павел Латушка. Святлана Ціханоўская сказала, што не будзе ствараць партыю, але цалкам падтрымлівае гэтыя ініцыятывы. Як вы думаеце, вось такія абвесткі пра стварэнне новых палітычных структур да часу?
Валер Карбалевіч: Тут цяжка казаць, да часу ці не да часу. Вось Андрэй Дзмітрыеў, які таксама на базе “Гавары праўду” стварае партыю, калі ў яго запыталі, навошта ён гэта робіць, ці да часу, ён сказаў, што трэба выкарыстаць тую актыўнасць, якая разгарнулася мінулым годам. Гэта такі спосаб адаптацыі гэтай актыўнасці да таго, каб пачаць нешта рабіць, то бок трэба ж заняць рукі чымсьці. Рэальнай палітыкі няма, а вулічныя акцыі мінімізаваліся, таму трэба нечым заняць людзей. Вось людзі і спрабуюць самі сябе заняць, ствараючы гэтыя структуры. Нібы легальная дзейнасці, хаця якая легальная, вось, напрыклад, у Маладзечна не дазволілі правесці сустрэчу партыі, якую стварае каманда Віктара Бабарыкі. Але фармальна – легальная, і за гэта караць не павінны. Вось людзі і шчыруюць.
Калі казаць па сутнасці, то партыі – гэта інстытут дэмакратычнага грамадства. І партыі патрэбны ў дэмакратычным грамадстве, там, дзе ёсць выбары, дзе ёсць інстытуты народнага прадстаўніцтва ў выглядзе парламента, мясцовых органаў, самакіравання. У Беларусі нічога гэтага няма. І таму сэнс існавання сёння ў Беларусі не да канца зразумелы. І Лукашэнка казаў на нарадзе, што партыі слабыя, людзі пра іх не ведаюць, іх рэйтынг у межах статыстычнай хібнасці.
Праблема ў тым, што ў сённяшніх умовах дзіўна не тое, што партыі слабыя, гэта так. Дзіўна тое, што партыі ўвогуле існуюць, бо ў сённяшніх умовах для іх проста няма месца. Гэта такое пятае кола ў дзяржаўнай палітычнай сістэме. Таму, калі казаць пра партыі, то гэта можна казаць пра нейкую дэмакратычную будучыню. Але калі яна наступіць і ў якім выглядзе яна будзе існаваць і якая выбарчая сістэма будзе – шмат невядома. Таму я даволі скептычна стаўлюся да ўсёй гэтай гульні ў партыйнае будаўніцтва.
РР: Калі я размаўляў з Паўлам Латушкам, я задаў пытанне, ці хоча ён такім чынам актывізаваць палітычны парадк дня. Ён распавядаў пра тое, што варта ўжо структураваць сваю дзейнасць, і партыя гэта дапаможа зрабіць. Як вы лічыце, ці магло б так званае партыйнае будаўніцтва актывізаваць палітычны парадак дня?
Валер Карбалевіч: Па-першае, трэба мець на ўвазе, што ўсё гэта мае сэнс тады, калі гэтыя партыі зарэгіструюць. Гэта нейкая легалізацыя. Але я абсалютна не бачу ніякіх перспектыў для легалізацыі. Апошні раз у Беларусі партыю рэгістравалі ў 2000 годзе, больш чым 20 год таму. І калі казаць пра вынікі той нарады, якая адбылася ў пятніцу ў Лукашэнкі, то з гэтай нарады вынікае, што дзейнасць партый будзе ўскладняцца, будзе ўскладняцца стварэнне партый. І там прапануецца, каб быў большы парог для ўтварэння партыі. Зараз 1000 сяброў павінна быць, каб партыя магла прэтэндаваць на рэгістрацыю. Цяпер гэты парог будзе павялічаны.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя