“Нядобрыя суседзі”



“Часам не да законаў”, – гэтая фраза Аляксандра Лукашэнкі ўжо даўно “пайшла ў народ”. Цяпер да яе можна дадаць яшчэ адну: “часам не да дыпламатыі”. Гэта я пра інтэрв’ю, якое міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей даў для тэлеканала “Беларусь 1”. З аднаго боку Макей запэўніваў, што “паказваць зубы і дэманстраваць кіпцюры – гэта не стыль беларускай дыпламатыі”, што мы хочам з усімі сябраваць, дый у гімне нават спяваецца, што “мы беларусы – мірныя людзі”. Але з іншага боку чарговы раз абвінаваціў еўрапейскія краіны ў дэструктыўных дзеяннях, заявіў, што тыя, хто заклікае да санкцый, здзяйсняюць злачынства супраць свайго народа, і што пасля іх ад краіны застануцца руіны, з якіх ужо не выкараскаешся. “Давайце не паўтараць памылак мінулага, “рэжым” моцны, ён дужы, і ён выстаіць. Таму трэба будаваць з ім адносіны, зыходзячы з гэтага факту. Не трэба імкнуцца арганізоўваць тут нейкія рэвалюцыі. Ні да чаго добрага гэта не прывядзе”, – заявіў Макей. І яшчэ адметная цытата: “…сёння ніхто не спрачаецца, што Аляксандр Лукашэнка выйграў выбары. Размова ідзе пра тое, з тымі лічбамі ці не з тымі. Але факт застаецца фактам – Аляксандр Лукашэнка перамог і абраны прэзідэнтам Беларусі”, – запэўніваў Макей. Праўда, у адным з ім можна пагадзіцца, што няма чаго “паказваць зубы і дэманстраваць кіпцюры”, бо ні зубоў, ні кіпцюроў у беларускай дыпламатыі насамрэч няма. Вось каго рэальна напалохалі заявы пра тое, што частка дыпламатычных устаноў будзе ліквідаваная і аптымізаваная? Дый і сам Макей, ужо змяніў рыторыку. Маўляў, аптымізацыя – гэта пастаянны працэс, а беларуская аптымізацыя яшчэ і ўнікальны, бо ў яе выніку дыпламатычная прысутнасць не толькі не зменшыцца, а наадварот нават павялічыцца. Маўляў, новыя генеральныя консульствы паўстануць у Мумбаі, Хашыміне і Ганконгу. А яшчэ мы сябруем з Індыяй, якая вядзе сябе “прыстойна” і не ўмешвае палітыку ў праблемы, звязаныя з правамі чалавека. Паслухаць міністра Макея, дык у Беларусі цяпер акурат і квітнее “настаяшчая дземакрація”, дзе, праўда, “крыху не да законаў”.

Вось толькі ўсё красамоўства Макея застаецца толькі “выслужваннем” або і наўмысным цынізмам. Што б ён ні казаў у бок Літвы, Польшчы ды Украіны, але менавіта яны – у дзясятцы краін з самым высокім тавараабаротам, а доля той жа Індыі ў замежным гандлі не дасягае нават аднаго працэнту. Таму калі міністр Макей у бок Польшчы і Літвы кажа, што “адзін бульдог забрахаў, а некаторыя шаўкі зацяўкалі”, то гэтыя словы хутчэй адносяцца да яго самога ды яго галоўнага начальніка.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя