Даўгі буйных прадпрыемстваў выкупіць Агенцтва па кіраванні актывамі
Агенцтва па кіраванні актывамі шляхам продажу каштоўных папер (аблігацый) камерцыйным банкам будзе выкупляць у іх даўгі прадпрыемстваў са стратэгічных галін эканомікі. Паводле звестак БелаПАН, падрыхтаваны адпаведны праект дзяржаўнага рашэння.
Праект указа плануецца прыняць „з мэтай стварэння ўмоў для фінансавага аздараўлення арганізацый рэальнага сектара эканомікі”.
Згодна з дакументам, Агенцтва па кіраванні актывамі атрымае паўнамоцтвы эмітаваць аблігацыі.
За кошт сродкаў ад размяшчэння аблігацый агенцтва набывае актывы банкаў, „сфармаваныя па крэдытах, выдадзеных прамысловым прадпрыемствам, якія забяспечваюць функцыянаванне стратэгічна значных галін эканомікі”, гаворыцца ў праекце ўказа.
Пасля выкупу даўгоў прадпрыемстваў у банкаў агенцтва, згодна з праектам дзяржаўнага рашэння, зможа даваць пазычальнікам адтэрміноўку (растэрміноўку) пагашэння асноўнага доўгу і працэнтаў за карыстанне крэдытамі.
Таксама праект указа дае агенцтву паўнамоцтвы прызначаць у органы кіравання даўжнікоў сваіх прадстаўнікоў „і забяспечваць рэалізацыю мер, накіраваных на павышэнне эфектыўнасці дзейнасці даўжнікоў”.
У назіральны савет Агенцтва па кіраванні актывамі, якое будзе займацца даўгамі прадпрыемстваў са стратэгічных галін, „у абавязковым парадку ўключаюцца прадстаўнікі Міністэрства фінансаў, Міністэрства эканомікі, а таксама Дзяржаўнага камітэта па маёмасці”, гаворыцца ў праекце ўказа.
Паводле інфармацыі БелаПАН, праект дзяржаўнага рашэння падрыхтаваны па ініцыятыве ўрада і з’яўляецца адным з крокаў па зніжэнні пазыковай нагрузкі на рэальны сектар эканомікі.
ААТ „Агенцтва па кіраванні актывамі” было створанае ў Беларусі ў 2016 годзе з мэтай „стварэння ўмоў для комплекснага рэфармавання і фінансавага аздараўлення сельскагаспадарчай вытворчасці”. Дэ-факта агенцтва ўдзельнічала ў рэструктурызацыі завінавачанасці сельгасарганізацый, якія мелі цяжкасці з пагашэннем даўгоў.
Між тым урад сёлета ў лютым абвясціў пра планы па змяншэнні пазыковага навесу і на прамысловыя прадпрыемствы.
„Адной з сур’ёзных праблем з’яўляецца высокая пазыковая нагрузка на рэальны сектар эканомікі. Па выніках 2020 года сумарная завінавачанасць арганізацый склала амаль 160 млрд рублёў і ў параўнанні з пачаткам года вырасла на 19%”, — адзначаў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, выступаючы ў лютым на пасяджэнні ўрада.
У сувязі з гэтым ён падкрэсліў, што „з мэтай ліквідацыі так званага пазыковага навесу ўрадам даведзены да выканання паслядоўны план дзеянняў”.