Галоўрэда партала NewGrodno Ігара Бублікава аштрафавалі на 725 рублёў
Гарадзенскі журналіст Ігар Бублікаў атрымаў штраф у памеры 25 базавых велічыняў – 725 беларускіх рублёў за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Суд над галоўрэдам newgrodno.by адбыўся ў судзе Ленінскага раёну. Кажа Ігар Бублікаў:
– Атрымаў штраф, усё.
РР: Ці будзеце яго далей неяк абскарджваць?
– Параімся з адвакатам.
РР: Ці лічыце рашэнне суда законным?
– Я віну прызнаў часткова. Так, спасылка была. Па той прычыне, што пасля гэтай спасылкі навіну чыталі толькі тры дні, пасля ў астатнія дні яе ўвогуле не чыталі. Плюс, яна была да закона яшчэ размешчана. Пасля закона, калі сказалі, што гэты канал заблакаваны, пасля гэтага ў мяне ўвогуле нічога не размяшчалася звязанага з гэтым каналам.
За распаўсюд матэрыялаў з тэлеграм-канала NEXTA (які прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім) 29 студзеня 2021 году ў Гародні прайшлі агляды дома ў Ігара Бублікава (Рэмзіка) і ў рэдакцыі Hrodna.life. Міліцыянтамі была канфіскавана тэхніка і друкаваныя матэрыялы.
Рэдактар Hrodna.life Аляксей Шота быў аштрафаваны на 425 базавых велічынь.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня