Павел Кабанчук: У бабруйскім ІЧУ хацелі стварыць нам умовы, падобныя да Акрэсціна
Пасля 15 сутак арышту з бабруйскага ІЧУ на волю выйшаў Павел Кабанчук, якога зняволілі за налепку з „Пагоняй” на машыне. Ён распавёў „Бабруйскаму кур’еру” пра свае затрыманне, суд і ўмовы ў ІЧУ.
25 сакавіка, у Дзень Волі, шэсць чалавек у Бабруйску былі арыштаваныя і кінутыя мясцовымі ўладамі за краты. Пасля 15 содняў адміністрацыйнага арышту на волю ўжо выйшлі Сяргей Мардушкоў, які вывесіў на Дзень Волі на сваім балконе бел-чырвона-белы сцяг, і Павел Кабанчук, на машыне якога быў налеплены гістарычны сімвал Беларусі – «Пагоня». З ізалятара часовага ўтрымання абодвух выпусцілі не наўпрост на волю, а вывезлі для «прафілактычнай гутаркі» ва УУС.
У ІЧУ засталіся адбываць свае тэрміны яшчэ чацвёра – інвалід трэцяй групы Сяргей Бяляеў і Аляксандр Парахневіч, якім прысудзілі па 20 содняў; па 30 содняў арышту прысудзілі Івану Маньку і Уладзіміру Міхалапу. Усе шасцёра – розную колькасць часу – на знак пратэсту трымалі галадоўку. Першым яе абвясціў 27 сакавіка Манько, прычым, першыя чацвёра сутак ён галадаў «усухую», без вады. Затым яе падтрымалі ўсе астатнія. Цяпер тыя, што засталіся, ужо перарвалі галадоўку і пачалі прымаць ежу…
Павел Кабанчук распавёў падрабязнасці свайго затрымання, суда і знаходжання «бабруйскіх арыштантаў» у ІЧУ.
Мужчыну падчас адміністрацыйнага арышту змяшчалі ў карцэр.
„Пасля пераводу назад у камеру ў нас ва ўсіх забралі матрацы, 8 чалавек змясці ў чатырохмесную камеру. Двое чалавек, затрыманых за крадзеж, пагадзіліся за падвойную “пайку”, прапанаваную адміністрацыяй, пацясніць нас у камеры. Дзяжурны зайшоў і сказаў, што дзве „шконкі” крымінальнікам, а гэтыя дзве вашыя — на шэсць чалавек”, — распавёў Павел.
На 11-я суткі арышту ў ІЧУ прыехаў начальнік з Мінска: ён правёў гутарку з арыштантамі і растлумачыў, што вышэйстаячыя вымушаюць заціскаць умовы — каб былі, як на Акрэсціна.
Тры чалавекі заявілі пра галадоўку па сваёй волі, у тым ліку і Павел. Яшчэ трое чалавек, пасля таго, як перадалі перадачы, напісалі заявы аб адмове прыёму ежы, якую дастаўляюць у ІЧУ: есці яе немагчыма, а плаціць трэба 14,5 рублёў за суткі. І пасля гэта ў арыштантаў забралі ўсё, што ім перадалі і яны сталі галадаць вымушана.