Як ціснуць на сябраў Свабоднага прафсаюза металістаў?



Лідар Свабоднага прафсаюза металістаў Аляксандр Бухвостаў распавёў пра ціск на сябраў іх прафсаюзнай арганізацыі.

Аляксандр Бухвостаў: На Менскім заводзе колавых цягачоў, куды ў жніўні прыязджаў Лукашэнка, многія сябры нашага прафсаюза былі пасля гэтага звольнены.

І зараз многія асцярожнічаюць, бо лёгка патрапіць на прадпрыемстве пад рэпрэсіі. Мы, дарэчы, накіравалі нашу прапанову ў Міністэрства прамысловасці і Міністэрства энергетыкі весці тарыфныя перамовы у межах Тарыфнага пагаднення. Таму зараз яны пачынаюць высвятляць, колькі нашых сябраў і дзе працуюць.

РР: А што з тымі актывістамі прафсаюза, якія звольніліся з МЗКТ?

Аляксандр Бухвостаў: Тут цікавая і ў пэўным сэнсе сумная сітуацыя. Калі звольненыя з МЗКТ работнікі знайшлі новую працу, бо мелі высокую кваліфікацыю, ізноў пайшоў ціск на новых працадаўцаў, а, суадносна, і на рабочых.

Адным словам, у іх праблемы і там з’явіліся, а таму давялося звальняцца і адтуль. Сёння мы бачым негалосную забарону на прафесію. Як кажуць, калі чалавек “засвяціўся”, то яго ўжо нідзе не хочуць браць на працу – нават працадаўцы недзяржаўнай формы ўласнасці.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя