Павел Знавец: Агульная дэпрэсія паўплывала і на зборную



Палітык і спартовы заўзятар Павел Знавец патлумачыў, чаму так зганьбілася нацыянальная каманда па футболе ў матчы з бельгійцамі.

Нагадаем, што ў чарговым адборачным матчы да чэмпіянату свету зборная Беларусі прайграла ў гасцях бельгійцам з непрыстойным лікам 0:8. Такой буйной паразы ў гісторыі беларускага футбола яшчэ не было!

У выніку галоўны трэнер зборнай Міхаіл Мархель быў адпраўлены ў адстаўку.

Павел Знавец: Зараз над беларускім грамадствам вісіць цяжкі дэпрэсіўны стан. І гэта пранізвае літаральна ўсе сферы жыцця. У тым ліку, і наш футбол. Маладыя футбалісты чытаюць навіны, ведаюць, што адбываецца ў краіне, але большасць з іх маўчыць, бо баяцца згубіць працу, застацца без клуба і заробкаў.

Можна, натуральна, заплюшчыць вочы, але агульная дэпрэсія нікуды не знікла. Яна акумулявалася і паўплывала нават на футбалістаў зборнай і той ганебны лік, з якім каманда прайграла бельгійцам.

У такіх умовах ні пра які патрыятызм не можа быць і размовы, а менавіта патрыятычныя якасці дапамагаюць сярэднім камандам супрацьстаяць грандам еўрапейскага і сусветнага футбола.

РР: Мяркуеце, што зборная зараз у дрэнным псіхалагічным стане?

Павел Знавец: Менавіта так. Узровень майстэрства – гэта адно, але зараз з гульцамі павінен працаваць яшчэ і псіхолаг.

Некаторыя футбалісты ў такой сітуацыі наогул адмовіліся гуляць за зборную, а тыя, хто пагадзіўся, не ў самай лепшай форме. А ў такой каманды я не бачу ніякіх перспектыў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя