Менскія „Цмокi” саступілі „Лакаматыву-Кубані”



Баскетбалісты „Цмокi-Менск” пацярпелі адзінаццатую паразу запар у матчах Адзінай лігі ВТБ. На паркеце „Менск-Арэны” чэмпіёны Беларусі прайгралі аднаму з фаварытаў лігі краснадарскаму клубу „Лакаматыў-Кубань” з лікам 75:101. Толькі ў самым пачатку гульні гаспадары былі наперадзе, а потым госці цалкам завалодалі ініцыятывай і ўпэўнена давялі сустрэчу да перамогі. У складзе „цмокаў” самым выніковым стаў Крыс Клайберн, які набраў 22 ачкі. У гэтым сезоне падначаленыя Расціслава Вергуна гуляюць вельмі няўдала – у 21 праведзеным матчы яны святкавалі толькі дзве перамогі і знаходзяцца на апошнім, 13-м месцы ў турнірнай табліцы. Два наступныя паядынкі мінчане правядуць на сваёй пляцоўцы супраць краснаярскага „Енісея” (16 красавіка) і падмаскоўных „Хімак” (21 красавіка), а 25 красавіка завершаць сезон сустрэчай з казахстанскай „Астаной” у Нур-султане.

ЦСКА стаў першым першым фіналістам Кубка Гагарына

У шостым матчы фіналу заходняй канферэнцыі Кубка Гагарына маскоўскі ЦСКА нанёс паразу піцерскаму СКА – 2:0. Такім чынам, сталічныя хакеісты выйгралі серыю з лікам 4:2 і сталі ўдзельнікамі галоўнага супрацьстаяння. Там іх чакае пераможца пары, дзе супернічаюць „Ак Барс” і „Авангард”.

Нік Бэйлен самастойна рыхтуецца да чэмпіянату свету

Абаронца „Трактара” і зборнай Беларусі Нік Бэйлен цяпер знаходзіцца дома, побач з жонкай Шэлбі і нованароджанай дачкой. Некалькі гадзін таму Шелбі Бэйлі ў сваім інстаграме падзялілася відэа, на якім Нік здзяйсняе прабежку. „Нік рыхтуецца да чэмпіянату свету”, – напісала Шэлбі, суправадзіўшы пост беларускім сцягам, паведамляе ФХБ.

Прэзідэнт „Кельцы”: Арцём Королек – узор прафесіяналізму

Прэзідэнт гандбольнага клуба „Кельцы” Бертус Серваас назваў беларускага лінейнага Арцёма Каралька ўзорам прафесіяналізму.

«Ён заўсёды выкладваецца цалкам. Але было відавочна, што ў апошнія некалькі тыдняў ён вар’яцкі стаміўся.

Але ўсім трэба будзе даказаць, што яны вартыя выступаць у „Кельцы”. Пад ацэнку трапляюць дзеянні ўсіх гульцоў, – заявіў прэзідэнт польскага гандбольнага клуба ў інтэрв’ю парталу sportowefakty.wp.pl, прыводзіць словы функцыянера паблік „Гандбол. Моцарт Смелы”.

Экс-брамнік «Манчэстар Юнайтэд» прапусціў гол пасля ўдару галавой з 36 метраў.

У матчы 30-га тура чэмпіянату Паўночнай Ірландыі «Глентаран» – «Дангэнан Свіфц», які гаспадары выйгралі 2:0, быў забіты кур’ёзны гол, які выклікаў рэзананс у спартовых медыя і сацыяльных сетках.

Абодва галы ў матчы на свой рахунак запісаў нападнік «Глентарана» Роры Донэлі. Адзін з іх 29-гадовы футбаліст забіў ударам галавой практычна ад цэнтральнага круга – з 36 метраў. Брамнік «Дангэнан Свіфц» Рой Кэрал няўдала згуляў на выхадзе. Мяч адскочыў да Донэлі, які прабіў галавой па неабароненай браме, нягледзячы на вялікую адлегласць. Нагадаю, што Рой Кэрал выступаў за «Манчэстар Юнайтэд» з 2001 па 2005 год, згуляў у 49 матчах і прапусціў 28 галоў.

Беларускае Радыё Рацыя