Агляд прэсы: перыяд паўраспаду



Беларусь паказала, чаму пратэсты не могуць змагацца з дзяржаўнай уладай. СМІ разважаюць пра сітуацыю між Украінай і Расеяй. У Грэцыі застрэлены журналіст – спецыяліст у расследваннях. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.

«Здаецца, лягчэй пачаць рэвалюцыі, чым паўплываць на іх курс. 12-гадовая эра вулічных пратэстаў, якія прывялі да змены рэжыму, выглядае скончанай», – піша індыйскае выданне The Print.

Выданне падкрэслівае, што каляровыя рэвалюцыі былі ў асноўным мірнымі, але пратэстоўцам удалося выкінуць непапулярных кіраўнікоў, вінаватых у фальсіфікацыях выбараў.

«Але мы бачым люстэрка насупраць цяпер у М’янме, дзе армія ўмяшалася, бо ёй не спадабаліся вынікі выбараў! Удзельнікі акцый пратэсту ў краіне гатовыя сутыкнуцца з кулямі, у той час як 30 000 чалавек трапілі ў Беларусі пад арышт – і усё гэта не мела эфекту. Жорсткасць дзяржавы дапамагла кіраўнікам, як Лукашэнка, трымацца за ўладу, а іх папярэднікі 15 гадоў таму проста падняліся і ўцяклі. І калі вы шукаеце іронію, Азербайджан здолеў выстаяць супраць пратэстоўцаў, тады як у суседняй Арменіі ўрад зрынуўся ў 2018 годзе. Але Азербайджан нядаўна выйграў міні-вайну з Арменіяй. Дык якая цана пратэстаў і дэмакратыі?», – задаецца пытанне The Print.

 

Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў прыгразіў, што Расея можа ўвесці войскі ў Данбас для абароны сваіх грамадзян. У сотняў тысяч мясцовых жыхароў на руках расейскія пашпарты. За мінулыя дні ў рэгіёне былі адноўленыя баявыя дзеянні. Раней Расея сцягнула да мяжы з Украінай войскі, патлумачыўшы гэта будучым правядзеннем ваенных вучэнняў. Кіеў у сваю чаргу асцерагаецца ваеннага ўмяшальніцтва.

«Аднак нават надвор’е не спрыяе расейскаму вайсковаму наступу», – упэўнена чэшскае выданне Hospodářské noviny.

«Крэмль незадаволены сітуацыяй, якая склалася і спрабуе ціснуць. Тым не менш, адзін з крамлёўскіх прэс-сакратароў рэзка адкінуў выказванне, якое зрабіла адна з найважнейшых крамлёўскіх прапагандыстаў Маргарыта Сіманьян, кіраўнік дзяржтэлеканала RT, якая заявіла «Расея, матушка, забяры Данбас дадому!». Адкрытага маштабнага сутыкнення наўрад ці варта чакаць – хоць бы таму, што цяжкая ваенная тэхніка загразе ў непраходнай вясновай слоце», – піша чэшскае выданне.

 

У Грэцыі забіты Йоргас Караіваз – блогер і рэпарцёр, які спецыялізуецца на крымінальнай хроніцы. Забойства было здзейснена ў адным з прыгарадаў Афін, проста на вуліцы. 52-гадовы журналіст быў застрэлены двума невядомымі матацыклістамі ў масках. Караіваз праводзіў журналісцкія расследаванні і спецыялізаваўся на сувязях арганізаванай злачыннасці з палітычнымі коламі краіны. Грэцкая прэса піша пра тое, што ў краіне складваецца вельмі трывожная дынаміка, якая выходзіць далёка за межы дадзенага выпадку.

Костас Ваксеваніс, журналіст і выдавец штотыднёвіка Documento, сам не раз сутыкаўся з пагрозамі і нават крымінальным пераследам у сувязі са сваёй журналісцкай дзейнасцю, дзеліцца сваімі разважаннямі:

«Калі забіваюць журналіста, гэта азначае, што дзяржава ў палоне іншай, паралельнай дзяржавы. Ці яшчэ горш – абедзве гэтыя дзяржавы крочаць у нагу. Калі забіваюць журналістаў і забойца – не проста вар’ят, гэта азначае, што дэмакратыя прагніла і людзей заклікаюць змірыцца з пахам тлену. Гэта – найвышэйшая ступень знявагі законнасці. Калі забіваюць журналіста, мы маем справу не проста са злачынствам, але са сведчаннем таго, што наша рэчаіснасць – небяспечная».

 

«Тое, што зараз разгортваецца, можна было б вызначыць як фінальную рэалізацыю кашмарнага бачання Джорджа Оруэла з яго антыўтапічнага рамана «1984» аб свеце, падзеленым геаграфічна, палітычна і ў ваенным дачыненні на тры звышдзяржавы, якія супернічаюць : Акіянію (Паўночная Амерыка плюс Вялікабрытанія), Еўразію (Расея і Еўропа) і Усходазіяй (Кітай), – піша брытанская газета The Guardian. – «Прадказанне Оруэла пра бясконцую трохбаковую глабальную канфрантацыю аказалася заўчасным. Кітаю быў патрэбны час для развіцця. Савецкі Саюз , у рэшце рэшт, распаўся. ЗША, абвясьціўшы аднапалярны момант, заявілі пра сваю перамогу. Тым не менш, сёння, па некаторых мерках, трохбаковы свет Оруэла ў выніку фармуецца. 2021 год – гэта новы 1984 год. З усімі вынікаючымі».

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя