З Докшыцкага РАУС выпусцілі журналістаў Змітра Лупача і Алену Шабуню (абноўлена)



Пасля трох гадзінаў з Докшыцкага РАУС выпусцілі журналістаў-фрылансераў Змітра Лупача і Алену Шабуню.  Міліцыянты правялі з імі прафілактычную гутарку. Затрымлівалі журналістаў за тое, што яны вялі здымкі на цэнтральнай плошчы насупраць райвыканкама.

***

У Докшыцах затрымалі журналістаў-фрылансераў Змітра Лупача і Алену Шабуню. Туды яны паехалі з мэтай трапіць на суд да ксяндза Рамана Мурзіча. У Докшыцкім судзе разглядалася адміністрацыйная справа ксяндза за кіраванне аўтамабілем без правоў кіроўцы.

Акрамя іх у будынак суда явіліся і грамадскія актывісты. Але і ксёндз, і яго адвакат не захацелі, каб увогуле хто-небудзь прысутнічаў на судовым пасяджэнні. Яны непакоіліся за тое, што ў такім выпадку ўлады пакараюць ксяндза арыштам ці вялікім штрафам. У выніку ксяндзу далі толькі штраф.

Як паведамілі докшыцкія грамадскія актывісты, пасля гэтага журналісты паехалі па сваіх справах, і іх затрымалі міліцыянты на цэнтральнай плошчы:

– Зміцер там здымаў для сваіх фельетонаў, і здымалі яны на цэнтральнай плошчы ў Докшыцах. Там іх затрымалі і прывезлі ў РАУС.

–  Яны кажуць: у нас тут планы ёсць, пагуляць яшчэ хочам, вельмі добрае надвор’е. Яны ўжо здымкі тыя, якія хацелі, зрабілі і гулялі па цэнтру, на плошчы. Літаральна праз некалькі хвілін Алена патэлефанавала і сказала “нас забіраюць”.

Цяпер тэлефоны журналістаў дасяжныя, але слухаўку яны не здымаюць. Як паведамілі міліцыянты, з імі вядзецца гутарка.

Сёлета журналіста Змітра Лупача ўжо затрымлівалі ў Докшыцкім РАУСе на некалькі гадзінаў.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя