Чаму беларусы не вельмі давяраюць банкам?



Эканаміст Барыс Жаліба патлумачыў, чаму беларусы забіраюць валюту з банкаў.

Уклады і іншыя дэпазіты фізічных асобаў у Беларусі зніжаюцца ўжо 14 месяцаў запар. За гэты час беларусы забралі з банкаўскай сістэмы 1,724 млрд. даляраў.

Лакальны максімум захоўвання сродкаў на валютных укладах быў дасягнуты ў кастрычніку 2015 года – 7,829 млрд USD. З тых часоў па сакавік 2021-га года рэшткі на валютных рахунках скараціліся на 3,342 млрд. даляраў.

Барыс Жаліба: Яшчэ да апошніх выбараў, якія далі штуршок палітычнаму і эканамічнаму крызісу, былі вельмі нізкія стаўкі па адсотках на валютныя дэпазіты. Гэта такая палітыка Нацбанка, якая скіравана на дэдалярызацыю эканомікі. Эканоміцы і насамрэч невыгодна, калі нашы грамадзяне купляюць валюту ў пунктах абмену валюты. Гэта стварае дадатковы ціск на беларускі рубель і можа ўплываць на дэвальвацыю.

Таму Нацбанк зрабіў адсоткі па тэрміновых валютных укладах настолькі маленькія (зараз яны вагаюцца ў межах 1,5-1,7 адсоткаў гадавых), што людзі сталі забіраць валюту і перакідваць грошы на рублёвыя ўклады.

РР: Але і рублёвыя апошнім часам некаторыя пачалі забіраць…

Барыс Жаліба: На гэта паўплывала паслявыбарная сітуацыя, калі знізіўся давер насельніцтва да дзяржаўных інстытутаў і банкаўскай сістэмы. Народ пачаў забіраць грошы, бо ніхто не ведаў, якім чынам далей будзе разгортвацца сітуацыя з эканомікай, і як будзе функцыянаваць банкаўская сістэма. Заўсёды ж ёсць рызыка, што залатавалютныя рэзервы могуць знізіцца, не будзе хапаць валюты з-за зніжэння экспарту, і тады ўкладчыкам замест валюты выплацяць беларускія рублі. Людзі гэтага баяліся, хаця да такога ніколі не даходзіла.

Пад уплывам жнівеньскіх падзей народ стаў здымаць грошы і па прынцыповых меркаваннях. Адсюль і такі зыход грашовых рэсурсаў (асабліва валютных) з банкаўскай сістэмы. Яна пачала адчуваць недахоп валютнай ліквіднасці, што адбіваецца на аб’ёмах крэдытавання эканомікі.

З рублямі сітуацыя, можа быць, крыху выпраўляецца, калі верыць банкаўскай статыстыцы, а вось з валютай – праблема. Таму і маем змяншэнне валютных рэсурсаў у банкаўскай сістэме на працягу апошніх 14 месяцаў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя