150 гадоў з дня нараджэння Юр’я Матулевіча
Рымска-каталіцкі дзеяч Беларусі, Летувы і Польшчы Юры Матулевіч (Юргіс Матулайціс) нарадзіўся 13 красавіка 1871 года ў мястэчку Лугіна (цяпер Марыямпальскі павет, Летува).
Паходзіў з летувіскай сям’і, быў малодшым з васьмі дзяцей. Вельмі рана страціў бацькоў, сіратой апекаваўся старэйшы брат. У 1878—1881 гадах наведваў пачатковую школу ў Марыямпалі, там жа скончыў гімназію. У 1889 пераехаў да свайго дзядзькі Яна Матулайціса ў Кельцы (Польшча), дзе той працаваў выкладчыкам замежных моваў у Духоўнай семінарыі. 1 кастрычніка 1891 паступіў у Кельцскую семінарыю. У 1893 годзе расейскія ўлады зачынілі семінарыю і Матулевіч вымушаны быў пераехаць вучыцца ў Варшаву. Быў накіраваны ў Пецярбургскую духоўную акадэмію, у якой 20 лістапада 1898 атрымаў святарскае пасвячэнне. Пасля гадавой працы ў кельцскай дыяцэзіі Матулевіч распачаў навуку ў Каталіцкім універсітэце ў Фрыбургу (Швайцарыя). Атрымаўшы доктарскую ступень, айцец Матулевіч працаваў спачатку выкладнікам у Семінарыі ў Кельцах.
Разам са сьвятаром Міхалам Гадлеўскім узяў удзел у стварэнні Таварыства каталіцкіх работнікаў, для студэнтаў жа ён заснаваў таварыства «Адраджэньне» (польская філія міжнароднага руху „Каталіцкае дзеянне”). У 1907 годзе быў пераведзены ўва ўніверсітэт у Пецярбургу для таго, каб узначаліць катэдру сацыялогіі ў Духоўнай акадэміі. У 1909 годзе ўзначаліў катэдру дагматычнага багаслаўя. У 1909 уступіў у Ордэн айцоў марыянаў, стаўшы адным з яго рэфарматараў. 14 ліпеня 1911 года стаў генералам ордэна марыянаў. Да канца свайго жыцця айцец Матулевіч выконваў функцыю генерала гэтага ордэна.
23 кастрычніка 1918 Матулевіч стаў біскупам Вільні. Асабістым дэвізам свайго кіравання абраў словы апостала Паўла — «Vince malum in bono» (з лаціны: «Перамагай ліха дабром»). У 1923 ён заснаваў новы жаночы ордэн Сёстраў Служэбніц Езуса ў Эўхарыстыі (Сёстры Эўхарысткі), і кляштар марыянаў у Друі. Новаму ордэну айцец Матулевіч вызначыў наступныя заданні: асноўная мэта — праца паміж беларусаў-каталікоў, шляхам заснавання школаў, майстэрняў, інтэрнатаў, дзіцячых садкоў, праз навучанне катэхізісу, распаўсюд добрых кнігаў і апеку над хворымі. На пасадзе арцыбіскупа Юры Матулевіч змагаўся з паланізацыяй касцёла, уводзі беларускую і летувіскую мовы ў набажэнствы. Так штонядзелю ў катэдры адбываліся казанні па-беларуску. Ён быў асабіста знаёмы з Адамам Станкевічам, якога шмат разоў абараняў ад нападак уладаў, і Браніславам Тарашкевічам. Айцец Юры лічыў беларускую мову мостам, “які можа лучыць каталіцтва і праваслаўе”. Апроч таго арцыбіскуп апекаваўся расейскай дыяспарай: з дапамогаю айца расейскія дзеці-сіроты неаднаразова атрымлівалі дапамогу з-за мяжы, ён таксама спрычыніўся да заснавання дзіцячага дому для расейскіх эмігрантаў. За сваю дзейнасць арцыбіскуп неаднаразова падвяргаўся нападкам розных шавіністаў. У 1925 годзе пасля шматлікіх просьбаў айца Матулевіча ён быў вызвалены ад пасады віленскага арцыбіскупа.
З 1925 году Матулевіч выконваў функцыю апостальскага візітатара ў Летуве. У ліпені 1926 года Матулевіч удзельнічаў у Эўхарыстычным кангрэсе ў Чыкага, дзе прачытаў даклад пра апостальскае служэнне сярод праваслаўных. Пры жыцці айцец Матулевіч спаў на дошках і толькі тры гадзіны ў суткі, не здымаў з цела валасяніцы, бічаваўся, у ягонае цела ўпіваўся пас з дроту.
Памёр Юры Матулевіч 27 студзеня 1927 года ў Коўне з-за апендыцыту. Пахаваны ў марыямпальскай базыліцы. 28 чэрвеня 1987 году папа Ян Павал ІІ бэатыфікаваў Юр’я Матулевіча.
Беларускае Радыё Рацыя