Блогерам Пятрухіну і Кабанаву завочна абвясцілі прысуд — тры гады пазбаўлення волі



Яны былі прызнаныя вінаватымі ў „арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем службовых абавязкаў і ў абразе суддзі”.

Саміх блогераў у залу суда так і не пусцілі — прысуд зачыталі без іх, перадае тэлеграм-канал, які ў Беларусі нельга называць.

Паводле версіі следства, Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін атрымлівалі грошы ад Сяргея Ціханоўскага і знаходзіліся ў змове з ім. У абвінавачанні ўказана, што абвінавачаныя «стварылі і адміністравалі сістэму распаўсюджвання інфармацыі, якая ўтрымлівала ілжывую ацэнку нелегітымнасці прадстаўнікоў улады».

 

Паводле версіі абвінавачвання, берасцейцы стварылі ютуб- і тэлеграм-каналы, у тым ліку каналы „Краіна для жыцця” і «Народны рэпарцёр». У іх блогеры публікавалі матэрыялы, якія змяшчаюць заклікі груба парушаць грамадскі парадак.

Акрамя гэтага, блогерам інкрымінуюць абразу супрацоўніка магілёўскага АМАПа Віталя Аўтушэнкі «з мэтай прыніжэння гонару і годнасці ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў». Паводле версіі следства, з 6 да 8 траўня Пятрухін і Кабанаў апублікавалі на старонцы Youtube-канала „Народны рэпарцёр” фота Аўтушэнкі, дадаўшы да яго тэкст, „які змяшчае публічную абразу ў непрыстойнай, грубай, вульгарнай, зняважлівай форме”.

Трэці эпізод, па якім абвінавачваюць толькі Сяргея Пятрухіна, звязаны з падзеямі 2018 года. Як сцвярджае абвінавачванне, у адзін з дзён з 13 па 19 чэрвеня таго года блогер апублікаваў на старонцы „ВКонтакте” відэа «Судны дзень, або „бенефіс” Лешчанкі”. У каментары да запісу ўтрымлівалася абраза суддзі.

Суд над блогерамі пачаўся ў Магілёве 11 лютага. Тады іх выдалілі з працэсу, справа разглядалася без іх прысутнасці.

novychas.by