Былы кіраўнік штаба Чэрачня пакінуў Беларусь
Сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады і былы кіраўнік штабу кандыдата ў прэзідэнты Сяргея Чэрачня Мікалай Лысянкоў вымушана пакінуў краіну пасля завядзення чатырох крымінальных спраў.
Мікалай Лысянкоў — бізнэсовец і палітычны дзеяч са Стоўпцаў. Падчас прэзідэнцкай кампаніі ўзначальваў штаб Сяргея Чэрачня. Сёння экс-кандыдат займаецца збольшага каментаваннем падзей у краіне праз свае тэлеграм-каналы і юцюб. У невялікім горадзе, што за 70 кіламетраў ад Менску, улетку і ўвосень бурліла палітычнае жыццё. Тысячы жыхароў Стоўпцаў тыднямі выходзілі на акцыі пратэсту. Пасля пачатку хвалі рэпрэсій пратэсты змянілі форму. У горадзе і раёне дагэтуль вывешваюць бел-чырвона-белыя сцягі, праводзяць невялікія акцыі, дапамагаюць пацярпелым ад рэпрэсій. Мікалай, апрача палітычнай дзейнасьці, адмініструе папулярныя ў раёне мясцовыя тэлеграм-каналы, вайбер-чат «Столбцы РАЗАМ» і ютуб-канал, на якія падпісаныя тысячы людзей. Менавіта гэтыя каналы, а не партыйная дзейнасьць Лысянкова і зацікавілі сілавікоў.
З сярэдзіны сакавіка Мікалай у Польшчы, ва Ўроцлаве. Як толькі ён выехаў, яго пачаў шукаць Следчы камітэт, а на допыт выклікалі жонку.
«Патэлефанаваў і патлумачыў, што мой тэлефон не адключаны, каб тэлефанавалі па тым жа нумары, што і раней, і будзем гаварыць. Не, кажуць, трэба, каб прыехалі ўжывую. Можна, вядома, вярнуцца, але дзеля чаго? Каб прынесці сакральную ахвяру?» Задаецца пытаннем Мікалай Лысянкоў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: novychas.by