Ці будзе прагрэс у “візавым пытанні”?
Калі, нарэшце, Еўразвяз і Беларусь вырашаць “візавае пытанне”? Хто тармозіць гэты працэс? Пра гэта распавядае намеснік старшыні Руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч.
Еўразвяз спадзяецца на прагрэс падчас чарговага раунда перамоваў па пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму з Беларуссю, паведамляе БелаПАН.
У Еўракамісіі пацвердзілі, што 12 сакавіка ў Менску пройдзе трэці раунд перамоваў па спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі, падчас якога, як спадзяюцца ў ЕС, удасца вырашыць усе нявырашаныя пытанні.
Юрась Губарэвіч: Калі даваць гэтаму пытанню палітычную ацэнку, то, на маю думку, і для Беларусі, і, у першую чаргу, для яе грамадзян вельмі важна развівавць рознаўзроўневыя адносіны з Еўразвязам. Спрашчэнне візавага рэжыму якраз і спрыяе паляпшэнню такіх стасункаў. Перадусім – паміж людзьмі. Калі мы кажам, што Еўразвяз мусіць прад’яўляць свае патрабаванні да афіцыйнага Менску ў сувязі з вызваленнем палітвязняў, каб толькі пасля гэтага развіваць супрацоўніцтва, то ў адносінах да грамадзян Беларусі не павінна быць аніякіх умоваў. Яны павінны мець больш вольны доступ да краінаў Еўразвяза, да развіцця асабістых адносінаў, бізнесу, культурніцкіх сувязяў. Любыя дзеянні ў сферы спрашчэння візавага рэжыму альбо рэалізацыі палажэнняў аб малым памежным руху могуць толькі вітацца і па гэтай тэме не павінна стаяць ніякіх дадатковых умоваў і патрабаванняў.
РР: Але чаму на гэты конт гавораць ужо даўно, а справа да гэтага часу стаіць на месцы?
Юрась Губарэвіч: Маё меркаванне, што тут больш апасенняў маюць беларускія ўлады, якія разумеюць, што адкрыццё заходніх межаў можа прывесці да змены грамадскіх настрояў у бок лепшай ацэнкі аб’яднанай Еўропы. У бок унутранай запатрабаванасці ў пераменах ці ў дэмакратыі. Таму наяўнасць, хоць і дзіравай, але заслоны на заходняй мяжы больш задавальняе беларускія ўлады. І тут мы бачым не толькі праблему ў сферы вольнага выезду. Існуюць абмежаванні, звязаныя і з эканамічнай сітуацыяй. Беларуская эканоміка такая, што мы сёння – адны з лідараў па ўзроўню коштаў на тавары ў рэгіёне. Таму, не маючы магчымасці усталяваць бар’еры на ўсходняй мяжы, адкуль ідзе абсалютна вольны паток тавараў з Расеі, улады будуюць барыкады на заходнім накірунку. Адсюль і такія новаўвядзенні, як абмежаванні з 10 сакавіка на ўвоз тавараў. Гэта ўсё спробы ратаваць падаючую беларускую эканоміку.
РР: Ці не падаецца вам, што сёняшнія еўрапейска-беларускія стасункі вяртаюцца на ўзровень пяцігадовай даўніны, калі таксама адчувалася пацяпленне паміж Еўропай і афіцыйным Менскам?
Юрась Губарэвіч: Нейкія прыкметы вяртання можна назіраць, хоць стасункі ж не абмяжоўваюцца толькі візавымі пытаннямі. Візавае пытанне якраз і ўзнята напярэдадні Рыжскага саміту “Усходняга партнёрства”, таму што гэта, напэўна, найбольш лёгкая тэма для беларускіх уладаў, і тут насамрэч можа назірацца пэўны прагрэс. Гэта тая сфера, дзе Еўропа можа не ахвяраваць сваімі прынцыпамі і адыходзіць ад ранейшых заяваў датычных да сітуацыі ў Беларусі. І для ўрада Беларусі гэта – дэманстратыўны крок, які можна зрабіць напярэдадні саміта. Добра было б, каб і ў іншых сферах быў распачаты больш глыбокі дыялог.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя