Пра ціск на беларускія дыяспары



Са сталіцы Расеі ў апошнія дні прыходзяць трывожныя навіны пра затрыманне шэрагу палітыкаў і грамадскіх дзеячаў, якіх аператыўна даставілі з Расеі ў ізалятар КДБ у Менск. Гаворка ідзе пра спецаперацыі па затрыманні паліткансультанта і літаратуразнаўцы Аляксандра Фядуты і амерыканскага адваката беларускага паходжання Юрася Зянковіча. Хоць абставіны затрыманняў дагэтуль цьмяныя, але, відавочна, у Маскве супрацоўнікі органаў бяспекі Беларусі адчуваюць сябе як дома.

Адсутнасць рэакцыі на аператыўныя дзеянні беларускіх калегаў з боку афіцыйнай Масквы дала некаторым аглядальнікам падставы разважаць пра тое, што ўлады Беларусі нібыта ствараюць праблемы сваім расейскім калегам, не інфармуючы іх пра свае планы. Насамрэч назваць такія высновы няйначай як фантазіяй не выпадае, паколькі і раней органы бяспекі Беларусі працавалі на цалкам сабе легальных падставах у РФ. А іх калегі з ФСБ і іншых расейскіх спецслужб час ад часу нагадвалі пра сябе актыўнасцю ў Беларусі. Хоць на паверхні было вельмі мала інфармацыі, але прыгадваюцца без асаблівых цяжкасцей некаторыя выпадкі, калі асобы, якія цікавілі расейскія спецслужбы, затрымліваліся гастралёрамі з ФСБ пасярод дня ў беларускіх гарадах. Напрыклад, рэзананснае выкраданне ўкраінскага актывіста Паўла Грыба, якога з дапамогай завербаванай знаёмай выманілі ў беларускі Гомель, а потым даставілі ў расейскую турму. Такім чынам, узаемадзеянне беларускіх і расейскіх спецслужб – гэта факт, з якім цяжка спрачацца.

Але калі ў выпадку з украінскім маладзёнам Паўлам Грыбам гаворка ішла пра дробную акцыю, то пераслед вядомых беларускіх дзеячаў у Расеі – прыкмета сістэмнай працы па нейтралізацыі і запалохванні беларускіх эміграцыйных колаў.

Актывізацыя працы спецслужб за межамі Беларусі паказвае, што ўлады вельмі сур’ёзна ставяцца да пагроз, якія сыходзяць ад сістэмнай работы беларускіх дыяспар. Увага ўсяго свету да падзей у Беларусі ў 2020 годзе была шмат у чым абумоўленая эфектыўнай працай нашых суайчыннікаў за межамі краіны. Пасля падаўлення масавых акцый у Беларусі менавіта дзеячы ў выгнанні разгарнулі кампаніі па ўвядзенні пакетаў санкцый, дабіліся скасавання міжнародных спартовых спаборніцтваў і сарвалі ўдзел прадстаўнікоў афіцыйнай улады на конкурсе “Еўрабачанне”. Словам, дзейнасць эміграцыі нанесла некалькі моцных удараў па рэжыму Аляксандра Лукашэнкі з далёкасяжнымі наступствамі. Але, у адрозненне ад працы беларускіх дыяспар у дэмакратычных краінах, спробы лабіяваць інтарэсы апанентаў улады ў Расеі – гэта вельмі небяспечны занятак, пра што сведчаць апошнія падзеі з арыштамі Аляксандра Фядуты і Юрася Зянковіча. Няма сумневу, што такі лёс спасцігнуў бы і палітолага Дзмітрыя Балкунца, каб ён своечасова не пераехаў у ЕЗ.

Акрамя таго, што расейскія ўлады не чыняць перашкодаў беларускім спецслужбістам у РФ, ёсць яшчэ адна прычына, па якой расейскі напрамак з’яўляецца для іх прыярытэтам. Устойлівасць улады ў Беларусі залежыць наўпрост ад падтрымкі Крамля. Адпаведна, зачыстка альтэрнатыўных цэнтраў, якія спрабуюць заручыцца прыхільнасцю Масквы, – гэта задача выжывання. Можна доўга злавацца на дзейнасць НАУ ў Варшаве ці Каардынацыйнай Рады ў Вільні, але цярпець структуры беларускай апазіцыі ў Маскве – ні хвіліны.  

Беларускае Радыё РАЦЫЯ