У Паставах затрыманы раней дэпартаваны ў Расею былы палітвязень Андрэй Новікаў



У Паставах (Віцебская вобласць) затрыманы былы палітвязень Андрэй Новікаў, валанцёр ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Новікаў некалькі месяцаў утрымліваўся ў менскім СІЗА № 1 па „справе Ціханоўскага”. Быў дэпартаваны ў Расею з забаронай уязджаць у Беларусь на 10 гадоў без растлумачэння прычын вызвалення і статусу па справе. У Паставах у яго засталася сям’я: жонка і двое дзяцей (паўтарагадовая дачка і дачка з інваліднасцю).

Увечары 13 красавіка, прыблізна ў 21.30, міліцыя затрымала Новікава ў Паставах, куды ён прыехаў наведаць сям’ю.

Мужчыну даставілі ў РАУС. Папярэдне яму інкрымінуюць незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь (арт. 371 КК).

У пятніцу, 16 красавіка, Новікаву ў прысутнасці адваката павінны выставіць абвінавачанне.

belapan.by