Піянеры і пенсіянеры
Акцябраты, піянеры, БРСМ – грамадскія арганізацыі з моцным ухілам у слаўнае савецкае мінулае, але далучацца да іх або не – справа дабраахвотная…
Не, па вялікім рахунку многія дзеці і падлеткі становяцца піянерамі за кампанію, бо ў рэдкіх мясцінах ёсць іншыя грамадскія арганізацыі для школьнікаў. Скаўты, напрыклад, былі б добрай альтэрнатывай, але… “На нет и суда нет”. Пакінуўшы ўбаку бягучую палітычную сітуацыю і праўладную агрэсіўную рыторыку ў дачыненні да “замежных агентаў уплыву”, вырашым, што дзецям проста цікава разам займацца пэўнымі грамадскімі актыўнасцямі. Малодшых не крыўдзіць, старэйшым дапамагаць, смецце збіраць або макулатуру… І ўсё ж ёсць інтраверты, якім не патрэбны ні скаўты, ні піянеры, ні пенсіянеры. Навошта заганяць дзяцей у піянеры і даводзіць да нервовага зрыву?
Прэцэдэнт здарыўся ў адной з віцебскіх гімназій: класная кіраўніца прымушала ўступіць у піянеры ўсіх дзяцей у класе (https://rebenok.by/articles/stature/difficulty/29077-rebenok-plakal-izaikalsya-chitatelizvitebska-otom-kak-shkola-priglasila-detei-vpionery.html?top ). Знайшліся тыя, каму гэта было проста нецікава, і тут быў ужыты ціск і шантаж, “тэматычныя” гутаркі. Дзеці плачуць, бацькі абураюцца, а дырэктрыса запэўнівае – канфлікт перабольшаны і ўжо залагоджаны! Класная кіраўніца, канешне, застаецца працаваць (дэфіцыт кадраў ніхто не адмяняў!) Безумоўна, і педагога можна пашкадаваць, бо зверху на яе таксама ажыццяўляецца ціск і шантаж з усімі выцякаючымі ў выглядзе плана па піянерах і ўхілістах. Колькасныя паказчыкі грамадска актыўных дзяцей прама прапарцыйна звязаныя з прэміямі і дошкай гонару ў перспектыве… Кар’ера ў школе – гэта вам не жартачкі! Праца такая, нічога асабістага, шаноўныя! А тое, што дзеці плачуць… Паплачуць і пойдуць у піянеры! А там і да пенсіянераў недалёка.