Новым старшынём Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі абраны біскуп Віцебскі Алег Буткевіч



Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч абраны новым старшынём Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі (ККББ). Гэтае рашэнне было прынятае 14 красавіка на 80-ым пленарным пасяджэнні ККББ, паведамляе партал Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі.

Намеснікам старшыні абраны біскуп Гарадзнскі Аляксандр Кашкевіч, генеральным сакратаром — дапаможны біскуп Гарадзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які пакінуў пасаду старшыні ККББ пасля рашэння папы рымскага Францішка адправіць яго на пенсію ў сувязі з дасягненнем 75-гадовага ўзросту, абраны старшынёй камісіі ККББ па справах агульнага пастырства. Таксама ён застаецца кіраўніком камісіі ККББ Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў і Рады па справах экуменізму.

Алег Буткевіч — адзін з наймаладзейшых біскупаў Беларусі. Ён нарадзіўся 18 сакавіка 1972 года ў Браславе (Віцебская вобласць). Скончыў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт, Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гародні.

Святарскае пасвячэнне прыняў 13 траўня 2000 года. Пасля выконваў абавязкі вікарыя парафій у Наваполацку, пробашча парафіі ў Бешанковічах, Уле, Віцебску, дэкана дэканату Віцебск-Паўночны.

29 лістапада 2013 года папа Францішак прызначыў ксяндза Буткевіча біскупам Віцебскім. Біскупскае пасвячэнне ён атрымаў 18 студзеня 2014 года.

У чэрвені 2015 года Буткевіч быў абраны намеснікам старшыні Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі.

belapan.by